Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лівы натоўп, у якім знаходзілася і дачка Шульца, Маргарыта, знаёмая Сролю і Лібе па ўдзеле ў местачковай соцыял-дэмократычнай організацыі. Маргарыта была політычна падгатаваным чалавекам і карысталася павагаю з боку соцыялістычнай моладзі. З ёю зьвялі Рыгора Сроль і рабочы Шульца — Памыйка. Цераз гэта знаёмства Рыгор і астаўся на працу.

З першых дзён працы Рыгор зрабіў на Шульца выгаднае ўражаньне. І пэўна таму, што ў Рыгору ён бачыў сьвядомага чалавека і практычнага майстра; далейшая праца пайшла гладка.

Падабаўся Рыгор і рабочым Шульца. Дзень за днём адносіны яго з імі шчырэлі, рабіліся таварыскі ўсталенымі.

На працягу першых двух тыдняў працы Рыгор вывучаў характар, нораў і духовы склад кожнага з іх. Разам з гэтым стала яму вядомым і іх політычнае крэдо.

За гэты тэрмін поўнасьцю высьветлілася перад ім і асоба гаспадара — Карла-Людвіга Шульца.

Чаляднікі, як і заўсёды, складалі з сябе досыць рознастайных тыпаў. Былі сярод іх двое зусім адсталых у духовым разьвіцьці, якія любілі выпіць, мала аддавалі ўвагі свайму клясаваму стану. Другіх двое — процілежалі першым: ім нячужа была газэта і рэдкая, бяз выбару, кніжка; але побач з гэтым другая двойка з завісьцю марыла пра жыцьцё Карла-Людвіга Шульца, як гаспадара, «самому над самім пану». Гэта двойка капіявала гаспадара ў паводзінах, беражлівасьці і акуратнасьці і часта наведвала яго дом. Пяты чаляднік — Павал Адамаў Памыйка, выдзяляўся ад усіх агульнаю пісьменнасьцю і політычнаю сьвядомасьцю. Як майстар, ён таксама быў лепшы за ўсіх, але меў хвараблівасьць на падкрэсьленае апрашчэнства. У ім, як у люстэрку, адбіваліся найменшыя калываньні політычнага жыцьця і як ад слоўніку, можна было даведацца ад яго пра ўсе навіны кніжнага рынку. Да выйсьця ў сьвет «Праўды», ён доўгі час выпісваў «Дзень».

Стрэўшыся з Памыйкам, Рыгор ні разу ня бачыў яго без далікатна згорнутага ў трубку чарговага нумару «Правды». Пасьля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён зьяўляецца корэспондэнтам некалькіх сталічных і провінцыяльных газэт.

У бок гэтага таварыша Рыгор і накіраваў пачуцьцё свайго сяброўства. Ён уверана і сьмела выяўляў яму самога сябе, і гэтымі сваімі адносінамі да Памыйкі выклікаў ад яго стрэчныя прыязныя пачуцьці.