Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/477

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даражэй за ўсё. Толькі я… ведаеце, я… мая ўжо вада… ніяк не магу спакойным заставацца, калі бачу гэткае гора людзей… А маю-ж таксама і сям’ю і хатнія клопаты… Дык, падумаўшы, хто-ж будзе працаваць для агульнай справы, калі мы ўсе зашыемся ў сваё прыватнае жыцьцё. Вельмі добра, што вы прыехалі… я зараз не адстану ад вас, пакуль вы не запражэцеся ў комітэцкую працу… Цяпер-жа, я забыў сказаць, у нас і гароды свае… Го, як-бы можна было разгарнуць працу, каб гэта былі людзі… Толькі ўсё ўрыўкамі, з наскоку…

Кароценькі чалавек клапатліва бегаў па пакоі, зазіраючы Рыгору ў твар і чакаючы ад яго адказу на плойму закранутых пытаньняў.

Але толькі Рыгор пачынаў гутарку, як Бронісь знаходзіў новую зарадку слоў і перабіваў Рыгора на паўсказе.

Гэта цягнулася каля гадзіны і, напэўна, цягнулася-б яшчэ столькі, каб раптам сярод іх не апынуўся лахматы хлапчук.

— Дзядзька Бронісь, там прыйшлі да вас з тацянінскага комітэту.

Кароценькі чалавек мэрам-бы зьбянтэжыўся, крыху моўчкі пастаяў, пасьля порстка кінуўся да дзьвярэй.

Ужо адна яго нага была на калідоры, калі ён зноў вярнуўся ў пакой і загутарыў да Рыгора:

— Папрашу вас зайсьці вечарам. А то пакуль я адпушчу прадстаўніка тацянінскага комітэту, ня будзе часу пагутарыць… Я вельмі рад, што вы прыехалі… Хоць маласьць пасобіце мне ў працы…

Кароценькі чалавек працягнуў Рыгору руку, нізка схінуўся і выйшаў з пакою.

Рыгор выйшаў сьледам за ім. Павярнуўшы да выйсьця з комітэту, ён нечакана зноў быў спынены Бронісем, які, трымаючыся за ручку канцылярскіх дзьвярэй, скорамоўна гукаў:

— Дык я вас чакаю, абавязкова!.. Адну хвілінку, я забыў паведаміць вас. Можа ня памятаеце, як вы пасылалі да мяне аднаго старога латыша? Месяц таму пахавалі яго на комітэцкія сродкі… Ад’е!.. Бывайце!.. Чакаю!

Адначасна стукнула двое дзьвярэй, і Рыгор уподбежкі панёсься па сходах да нізу.