Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/476

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нават у яго галаве склаўся акрэсьлены сказ, з якім ён абернецца да кароценькага чалавека, прапануючы свае паслугі.

— Ведаеце што…

Нажаль, адчыненыя дзьверы ў канцылярыю засьведчылі, што кароценькага чалавека ў комітэце няма.

Пры стэле сядзеў незнаёмы лахматы хлапчук, які сухаватым, нячулым голасам апытваў шэраг дзядзькоў ды цётак.

Аднастайныя, жаласьлівыя іх адказы хлапчук старэнна запісваў на паперу, зрэдку падымаючы голаў на агляд прысутных.

Рыгор прашыўся да стала і запытаў пра кароценькага чалавека.

— Ён бывае ад шостай! — адказаў лахматы хлапчук, не адгінаючыся ад стала.

— А сёньня будзе?

Запытаньне Рыгора паказалася яму наіўным, і лахматы хлапчук адказаў:

— Дзядзька Бронісь бывае кожны дзень.

Калі Рыгор павярнуўся ад стала, за ім пагнаўся нявыразны сказ хлапчука.

— Пасядзеце крыху, можа дзядзька Бронісь наведае і зараз.

Рыгор прыпыніўся. У гэты момант адчыненыя дзьверы ўпусьцілі ў канцылярыю кароценькага чалавека.

— Каго я бачу! — выгукнуў ён.

— Прыйшоў наведаць вас, а калі патрэбна — чым-небудзь дапамагчы вам у вашай працы.

— Як дачасна!

Бронісь увесь зьзяў ад радасьці, мэрам яму прынесьлі нечаканы гасьцінец.

— Што вы прывезьлі добрага з Менску? Што чуваць там? Калі вы вярнуліся ў Пецярбург? Дзе ўладзіліся на працу? — сыпаў ён запытаньнямі.

Рыгор не пасьпяваў адказваць, тым болей, што Броніся хутка абкружылі дзядзькі, якія наперабой, кожны са сваімі скаргамі ды просьбамі, намагаліся іх выслухаць.

У канцылярыі падняўся гоман, які гразіў канчаткова памяшаць Бронісевай з Рыгорам гутарцы.

Гэта вымусіла іх перайсьці ў суседні пакой.

— Я задыхаюся ад працы, — перайшоў да скаргі Бронісь, — а падмогі ніадкуль. Як і раней — адзін… Людзям свае інтарэсы