Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/475

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XI

ЗАБАСТОЎКА не абмежавалася полуднем. Да абеду перамаўленьні ўпёрліся ў глухі куток і не падаваліся з месца. Віною паслужыла стыкненьне з поліцыяй: падыходзіўшая згода раптам адскочыла да выходнага пункту, толькі ў дырэкцыю прыляцелі весткі пра напад поліцыі на рабочых. Адміністрацыя ліцамерна выказвала дэлегацыі спагаду, аднак упарта адмаўлялася споўкіць вырасшае патрабаваньне гарантыі ад паўтораў падобных здарэньняў.

Перамаўленьні мусілі перанесьціся на другі дзень і цягнуліся са стойкай няўступчывасьцю з абодвых бакоў.

Рабочыя, што зьяўляліся даведацца пра скуткі перамаўленьняў, заставаліся каля заводу, уносячы нэрвовасьць у настрой адміністрацыі.

Напружанасьць становішча надавала вострасьць моманту, і Рыгор, прыйшоўшы да заводу а восьмай гадзіне раніцы, упарта падбухторваў таварышоў націскаць на дэлегацкую стойкасьць. Ён прыводзіў у прыклад забастоўкі на Выбарскай старане, якія цягнуліся тыднямі. Правучыць адміністрацыю заводу таксама ня шкодзіла-б і ім. Было-б крыўдна, каб дэлегацыя хоць у дробязі паддалася ўгаворам. Рыгор крыху сумняваўся ў цьвёрдасьці некаторых дэлегатаў і заставаўся пры заводзе датуль, пакуль не пранесьліся чуткі пра няўхільную сур’ёзнасьць і цьвёрдасьць дамаганьняў дэлегацыі.

Гэта было а дзесятай гадзіне раніцы. Да абеду хапала часу, каб праехацца ў бежанскі комітэт.

Паўстаў успамін пра дадзеную кароценькаму чалавеку абяцанку пасобіць у яго працы.

Поруч з гэтым ён многім быў абавязаны кіраўніку комітэту за тыя запіскі ды просьбы, з якімі часта сам да яго зварочваўся.

Між тым грамадзкія абавязкі бежанскага комітэту за апошні час значна ўзрасьлі.

Вайсковыя падзеі мінулага году давялі бежанства да страшэнных памераў. Мільённая армія людзей патрабавала настойнае неадкладнае дапамогі. Організацыя яе — многа сілы, упартых стараньняў, самаадданасці.

Чым бліжэй ачуваўся Рыгор ад Знаменскай вуліцы, тым яго рашэньне мацнела.