Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/474

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Зарабіў… і болей…

Ліба спагадліва павярцела галавой. Аднак, Рыгораў выгляд не вымагаў далейшых распытаньняў, і яна перайшла да Памыйкі.

— Нарэшце асьмеліліся наведаць… Як вам ня сорамна, абяцалі праз два тыдні, а паказаліся больш як праз два месяцы.

— Я ў начальнічых руках, Ліба Шлёмаўна… Водлуг магчымасьці… Але што вы скажаце, што на два дні прыехаў, а да вас — будзьце паважаны…

— Дзякую… Спадзяюся, што знойдзем час пайсьці з вамі… Усё-ж гэта не выкупае вашай віны…

Паднятая ўгору Памыйкава рука адсекла Лібін сказ.

— Я толькі на дзесяць хвілін, сёньня маю выяжджаць… Маё новае начальства занадта ўжо строгае, каб браць на ўвагу маю віну перад вамі… А яшчэ мушу пабываць у партыйным комітэце… Маю даручэньне…

— Ах, ты кажаш новае начальства ў цябе? — хапіўся Рыгор за Паўлаву навіну…

— Так, Стукалка болей месяца, як выехаў у Кіеў. Прасіў кланяцца табе і паведаміць, як з яго рэкомэндацыямі…

— Падзякуй яму, калі пісацьме…

— Паміж іншым, я і забыў сказаць, што Яўгена Віктаравіча таксама перасялілі ў другі атрад. Нават з паніжэньнем…

— Гэта-ж завошта?

У Лібіным голасе пачулася нотка спагады.

— Перадавалі, нібы адным разам у канцылярыі ўпраўленьня нешта гэткае сказаў… Напэўна Рыгор ведае?

— Ласьне за тое?

Лёс Провава ды ішшыя навіны Менску, пра якія Рыгор з Лібаю далі Памыйку некалькі пытаньняў, занялі ўвесь час, які меўся ў распараджэньні Лібы.

Сьледам выявілася, што даўжэй ня мог застацца ў пакоі і Рыгор. Больш за іх сьпяшыўшы Памыйка не паказваў, аднак, руплівасьці да абвешчанага ім ад’езду.

— Мужчыны ахвотна спыніліся на пропозыцыі Лібы разам утраіх пайсьці паабедаць…