Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/466

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З пералічаных месц, тымчасам, праз поліцэйскую забарону, несьліся трывожныя чуткі пра неспакой, пра вострыя конфлікты, пра частыя забастоўкі. Гэтыя чуткі, у выглядзе цудоўных зданяй, пралазілі ў міністэрскія канцылярыі, у банкі, у пакоі раскошных асабнякоў; яны насілся па шырокіх тротуарах Неўскага, стройным Каменнаастроўскім, напышчанымі Сергіеўскай ды Фурштадзкай.

Бітком набіты трамвай сеяў іх па многалікіх завулках нэрвовай сталіцы.

Ад іх не магла схавацца дзяржаўная Дума.


IX

І ВОСЬ АДНЭЮ РАНІЦОЮ побач з разьдзьмутымі весткамі пра пераможны наступ Брусілава, газэты раскідалі па сталіцы, па ўсіх гарадох, па незьмярымай краіне весткі аб запытаньні ў Думе пра забастовачны рух. І мільёны воч адарваліся ад чорных радкоў навін са штабу галоўнакомандуючага, а прыліплі да зьместу стэнографічнае справаздачы, парванае белымі плямамі вайсковае цэнзуры. Дык во-ась яно што-а! Сталіца на вулькане. Жалезны абруч сьціскае багатыя кварталы, асабнякі ды палацы пагрозным сымптоматычным нездаволеньнем. Дарма ўсякія завярэньні ў перамогу на франтох, у «супрацоўніцтва» ўсіх станаў грамадэтва, у руплівую клопатнасьць пра дабрабыт жыхарства сталіцы. Усё гэта — пустая балбатня, туман у вочы.

Будынак трашчыць, колецца і рухае пад ім няўстойны фундамант.

Запытаньне, з яго пералікам забастовак і колькасьці іх удзельнікаў, — запярэсьціла чырвоным туманам дагэтуль зьлёгку зацемнены небасхіл…

У гэты дзень з трыма газэтамі ў руках Ліба спаткала Рыгора надзвычай вясёлай. Для яе, як і для многіх іншых, запытаньне ў Думе пра забастоўкі выпукліла мінулыя здарэньні ў факт агромнай значнасьці. Яна ведала многа са слоў мужа, многа чула з гутарак яго з Аінікеем, але не чакала гэткага звароту, які атрымаўся ад абвяшчэньня запытаньня ў газэтах.

— Каб ты ведаў, Рыгор, з якім захапленьнем нашы раненыя чыталі сёнешнія газэты! Для многіх запытаньне адчыніла заслону ў нешта нечаканае, але радаснае ды надзейнае… Гутаркі,