Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/467

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перашэптваньні ня спыняліся праз увесь дзень. Бедныя, яны забывалі пра вострыя болі і, калі не маглі чытаць, то настарожана лавілі вухам кожны шэпт шчасьліўшага суседа. Кожны выразна адчуў набліжэньне вялікіх здарэньняў. Нават мой ордынатар першым словам у гутарцы са мною крануў гэтых навін… В-во-а! Расшчэдрылася і купіла ажно тры газэты…

Рыгора ня зьдзівілі Лібіны словы: ён добра ўлічваў зробленае газэтамі ўражаньне. Але Лібін настрой знайшоў у ім спачуваючы водгук… Рыгору было прыемна наглядаць у ёй тую задаволенасьць, якая адбівалася радаснаю ўхмылкаю на Лібіным твары. Гэта сьведчыла за адно — за гармонічную суладнасьць іх пачуцьцяў, якая вымагалася для блізкага наступнага.

— У нас насьпявае забастоўка таксама! — паведаміў Рыгор, калі яны апынуліся ў пакоі.

Ліба паглядзела ў адчыненае акно, мэрам-бы шукаючы адзнак яе прыходу.

— Хутка?

— Як табе сказаць: можа заўтра, а можа крыху пазьней…

У акно сьвяціла агромністае чырвонае сонца. Улівалася густое летняе паветра, насычанае перагарам вугальля. Саплося лёгка, і беднае, на скорую руку сабранае абсталяваньне пакою, не нараджала жаднага клопату пра яго паднову. Пакой ня прыцягваў іх увагі — абое пакінулі вымагальную штодзенным клопатам патрэбу сямейнага дабрабыту. Пецярбург варочаў руплівасьць, думкі і настроі, якія не мясьціліся ў чатырох сьценах будынку.

За месяц жыцьця ў кватэры яны не пасьпелі нават добра пазнацца з яе гаспадаром і ні разу не закінуліся пра тыя ці іншыя кватэрныя пытаньні. Гэта пакідалася на пасьля, на час, якога-б не шкада было страціць.

Вяртаючыся з заводу, Рыгор увечар ішоў або на міжраённыя сходкі, або ў будынак Панінай, або часам заходзіў у бежанскі комітэт. Ліба амаль ні кожны дзень заставалася ў лазарэце да дзесятай гадзіны вечару. І толькі зрэдку ў іх была магчымасьць улучыць гадзіну-другую на сумеснае бываньне. Падобнае становішча ясна разумелася абоім і ні ў адным з іх не выклікала жаднага нараканьня. Магчымасьць яго паралізава-