Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/460

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не бяз праўды, — з лёгкай гіроніяй вымавіў Рыгор. — Не бяз праўды і тое, што чым далей, тым разыходжаньні ў нашых поглядах глыбеюць…

— Браток, таго ніхто ня тоіць. Я зусім не па-твойму гляджу на сучасныя падзеі. Тым ня меней, Рыгор, прызнаюся табе, што гэта не мяшае мне паважаць твае погляды. Хто яго ведае, чым усё скончыцца і хто з нас застанецца правым, а зараз усё-ж мы не канчаткова з табою разышліся. Мне здаецца, што становішча краіны абавязвае і цябе, так як ў кожнага грамадзяніна, аддаць свае сілы на яе абарону…

Падняўшыся для вымовы сказу, Камар на гэты раз ня сеў назад, а ў непарушнай позе замёр на месцы. Накіраваныя на Камара Рыгоравы ды Лібіны ўзрокі ўплылі на яго гіпнотычнай сілай чароўнасьці.

Камар хутка выявіў замуляўшае ў яго нутры жаданьне ня чуць Рыгоравы думкі, яснай яму па корсткасьці пранізваючага ўзроку. Але Рыгор, цалкам падтрыманы Лібаю, ня мог не адказаць Камару.

— Цара ды памешчыкаў, буржуазію ды ўсякіх марадзёраў я бараніць не намераны…

Крэсла загрукацела ад націску Камара, які падаўся назад ад Рыгоравых слоў.

— Расія — радзіма не аднэй пералічанай табою погані, а і мільёнаў рабочых…

— Радзіма, а не астрог?

— Мы самі вінаваты.

— В-во-а… вы самі вінаваты-і…

Напружанасьць пералівалася праз іх галовы і рабіла вачавідкай недачасную прысутнасьць у пакоі Камара.

Ён неўспадзеўкі гэта адчуў, чаму крута павярнуў гутарку на патрэбу сьпяшыць на кватэру. Ні Рыгор, ні Ліба яго не затрымлівалі, і Камар хутка выйшаў з пакою.

Яшчэ не зрабіў ён трэцяга шагу ад дзьвярэй, як Ліба зьдзіўлена паглядзела на Рыгора, запытаўшы яго:

— Што гэта за тып?

— Ніякага цуда. Мой стары знаёмы, прымаў удзел у рэволюцыйным руху… Але што ты парадзіш, калі ім абуяла патрыотычная дурасьць… Гэткіх нямала, нажаль… Яшчэ год таму я чуў ад яго падобныя разважаньні — усё-ж не чакаў, каб