Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/459

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо хвілін з пяць нясьмела паглядаў на іх пасланы Лібаю швайцар, а Рыгор усё пералічваў адказы на Камаровы пытаньні. Нарэшце каля іх апынулася Ліба і далёка недалікатна тузанула Рыгора за рукаў.

Камар-жа не адставаў, ахоплены нейкім шалам скорамоўнай гутаркі. Ён трымаў Рыгора за крысо і стараўся ў найкарацейшы тэрмін падаць як найболей пытаньняў. У захопе гэтай прагі ён не заўважыў, калі ачуўся ў круцёлцы дзьвярэй, а сьледам у ліфце і, нарэшце, у доўгім вузкім калідоры пятага паверху.

Толькі дзвэнг ключа ў руках калідорнага вярнуў яго да прытомнасьці.

Камару было няёмка ў ролі незапрошанага госьця, але ён не падаў выгляду на сарамлівасьць. Наадварот, у гэтыя хвіліны выразьней, як калі, ён пачуў сваю правовасьць на панібрацкае абыходжаньне з Рыгорам.

Яго ні каліва не сароміла зусім незнаёмая яму Ліба. Знаёмства з Рыгорам пераносілася Камаром і на яго жонку. Аднак, ён не паказаў гэтага, калі Рыгор адрэкомэндаваў яму Лібу.

Далікатна схінуўшыся перад маладзіцай, Камар ня меней далікатна паціснуў ёй руку. Далей, усё з тым-жа этыкетам, Камар прыставіўся Рыгоравай жонцы:

— Дзякуйце мне за вашага мужа; гэта я выгадаваў з яго палкага барацьбіта і прыкладнага грамадзяніна…

Ліба пытальна паглядзела Камару ў вочы.

Ёй было новым гэта паведамленьне чалавека, у якім яна пакуль што запрымеціла ўсяго нейкага неўтрапёнага тыпа. Між тым Камарова заява ня сустрэла з Рыгоравага боку чаканага Лібаю адбою. Для яе стала яснай тая задзёрыстасьць мужавага настаўніка, з якою Камар казаў далей:

— Праўда, мая мілая (фомільярнасьць гэта вывела злосную ружовасьць на Лібіным твары)… Вучань перайшоў настаўніка. Хі-хі-хі, г-гы-гы-і!.. Нашы погляды некалькі разышліся… Рыгорава маладосьць вымагае экзальтацыі, а я ўжо ведаю кошт гэтай рэчы… Аднак, сястрыца, гэта нам не перашкодзіць заставацца бліжэйшымі сябрамі… Ці ня праўду я кажу, Рыгор?

Камар пакуль гутарыў — калыхаўся, стоячы каля Рыгора; у чаканьні-ж Рыгоравага адказу — прысеў на крэсла.