Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/447

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Злата ня чула яго слоў: яна ўжо стаяла каля другога наведвача, які бессаромна рабіў ёй вымову за нядбайнасьць да яго.

— Няйначай, як хто знарок рашыў вымучыць маё нутро дарэшты…

Недачытаны ліст Рыгор вярнуў у кішэню і сьпешнай хадою выйшаў з харчоўні.


IV

ШОЛАМ І СУМЯТНЯ ЗАХАРАЎСКАЕ адцягнулі Рыгоравы думкі на сябе. Гарадзкое жыцьцё цякло сваім парадкам, чужое настрою паасобных адзінак.

Аднак яно цікавіла Рыгора. Кожны дзень уносіў нешта сваё, новае, а часта і нечаканае. Сёнешні дзень асабліва выдаваўся з гэтага боку.

Здарэньні, што адыграліся ў дзяржаўнай Думе, разварушвалі затоеныя ў грамадзе думкі і настроі. Праглівыя ўзрокі павярнуліся на гэту куртатую, шэрую і малапрыметную ўстанову. Націск разьняволеных ад часовага зацішша рабочых гушчаў дакочваўся да сьцен Таўрыцкіх палацаў. Не рэагаваць на гэта маглі выключна тыя, хто ня ўлічаў небясьпекі стаць ахвяраю свае сьмяротнае панікласьці.

Уздым рэволюцыйных настрояў разіў больш чулых і далёкаглядных, хоць яны па сутнасьці складалі бадай адно суцэльнае ў складзе наўзьдзіў сваяасаблівых «народных прадстаўнікоў».

Адбітак гэтых вестак Рыгор выглядаў на тварах соцень людзей.

Ранішняя гутарка ў канцылярыі ўпраўленьня служыла ўзорам гэтаму. Што азначае захапленьне опозыцыйнымі думкамі гэткіх людзей, як, прыкладам, Стукалка?

«Калі ўжо дайшло да падобных зьяў — ня збыцца марам радзімных патрыотаў. Яны жорстка пралічыліся на вайне. Не пасобяць ім ні перамогі хаўрусьнікаў, ні гэтак жданае выступленьне Амэрыкі. Працоўныя гушчы ўсё болей ды яскравей выглядаюць у вайне няшчасьце.

Пара!..»

Гутарка з Наталяю адышла ў затулыя куткі Рыгоравага нутра. Прытупілася нядаўняе ўражаньне і ад Сіманавага арышту…