Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/448

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наперад выпіралі пытаньні, што іх кранаў Анікееў ліст.

Рыгор адчуваў сябе як той, хто ўсплываў на чаўне на самы хіб усьпененых хваль. Гэтыя хвалі бурлівымі, пеністымі сувоямі ўпарта каціліся напрамкам да раскалыханае сталіцы.

Мінаючы струмень пешаходаў, дзесяткі рамізьнікаў, што накіроўвалі Захараўскаю ў бок вакзала, ён ня мог адарваць узроку, не правёўшы кожнага з іх…

На кватэру Рыгор прыйшоў з акрэсьленым рашэньнем пакінуць Менск як можна хутчэй.

Рыгор аглядаў набытую маёмасьць, мяркуючы, як будзе з ёю рабіць. Нельга сказаць, каб стол ці шафа суцяшалі яго ўласьніцкае пачуцьцё. Дзе там! Рыгор упікнуў сябе, чаму не здагадаўся іншым чынам, пазычкаю, ці пракатам, абсталёўваць свой часовы пакой…

Нарэшце… або варта займаць гэтым сваю ўвагу?..

Яго думкі перанесьліся на недачытаны Анікееў ліст.

Дык вунь яно што!..

Калі на яго зьяднаным фронтам наступалі жыцьцёвыя адмоўнасьці, то і дадатныя прыгоды не засталіся ў завінаватасьці.

Анікей настойна ўгаварваў Рыгора перабірацца ў Пецярбург. Ён абяцаў яму — з вакзалу проста на працу. У завод, а калі толькі не падабаецца, «адвык ад чорнае працы», у контору, ці ў банк. Адно-б не заставаўся ў Менску…

— Ха-ха-ха! Адвык ад чорнае працы! Цудны, аднак, гэты Анікей!..

Вобраз таварыша мігнуў у праменьнях спушчанага над дахам сонца…

Але яго зьмяніла Ліба:

— Ты ўжо дома?

Лібін настрой гарманаваў з вясновым днём, якім быў гэты, сёнешні.

Ён быў блізкім і Рыгору, і Ліба сама бачыла гэта.

— Хоць раз ды я перамагла! — пахвалілася яна, падбегшы ды Рыгора і ўзяўшы яго за руку.

Чырвоны крыж на грудзях затуліў Рыгораў узрок.

— Я адчуваю, што ты прынесла добрыя навіны.

— Няўжо? Мой твар выдае гэта?

— А як па-твойму?

— Бадай што… Ды навошта мне хаваць ад цябе…