Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/446

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адышоўшыся на некалькі сажняў, яму зарупіла яшчэ раз аглядзецца на вакзал.

Наталя стаяла на ўсходах і глядзела ўсьлед яму. Рыгор памахаў ёй шапкай, і пайшоў ужо не на службу, а ў сталовую.

Паводзіны Наталі пакінулі ў яго нутры няпрыемны адбітак. Мэрам-бы нешта запала ў сэрца і ня было жаднае рады яго адтуль выціснуць. Брала зьдзіўленьне — што сталася з чалавекам, якога ён добра ведаў з інакшага зусім боку. Няўжо ў Наталі над таварыскім пачуцьцём узялі верх пачуцьці жаночыя. Ці яны ў тэй-жа меры, у якой зараз выявіліся Рыгору, валодалі ёю і раней, але былі ўдала замаскаваны паказной рэволюцыйнасьцю? А мо’ падобная зьмена істотна для кожнай жанчыны, тады?..

— Вы ўжо заказалі?

Перад Рыгорам стаяла Сіманава жонка. Рыгор прыўстаў і прывітаўся з ёю. Прывітаўся і заўважыў Злацін сумны настрой.

— Прынясеце па сваім выбары.

— Давяраеце?

Натужная ўхмылка не пасавала да нявыразнага ўзроку вачэй.

Рыгор паглядзеў усьлед, калі Злата пайшла да кухні, і пачаў чытаць ліст ад Анікея. За чытаньнем ён не заўважыў, як Злата апынулася зноў каля яго.

— Ешце, каб не астыла.

— Дзякую… Што чуваць? Нешта Сімана сягоньня ня відаць…

Злата недаверна аглядзелася па харчоўні і цішком паведаміла:

— Сіман учора арыштаваны.

— Што вы кажаце?!

— Са сходкі ўзялі, — яшчэ таемней выказала Злата.

Праз нейкі час, падаўшы Рыгору другое, яна пужліва паскардзілася.

— Было добра, а цяпер стала яшчэ лепш…

Рыгор нехаця даеў абед. Вестка пра Сімана адняла апэтыт. Ды ня толькі гэта. Злата перабіла яго бадзёры настрой, які пачаў складацца пры чытаньні Анікеевага лісту.

— Яшчэ ня лепш! — падаў ён.