Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/437

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Памыйка раптам пасур’ёзьнеў і зусім інакшым тонам праказаў:

— Мае навіны зусім няцікавыя.

— Гэта чаму?.. Кажэце, ну…

— Казаць?.. Так, не схаваешся… Памятаеш, Рыгор, старшага тэхніка Бросьню?

Рыгор настаражыўся:

— А што?

— Дык вось, брат, гэты прахвост застрэліў Рудольфа Шульца… Сярод белага дня, ведаеш, пры людзях… Перш штурхануў яго за нешта, а калі той замахнуўся на яго кулаком, Бросьня р-раз-з і… бывай здароў…

— Рудольф?!… Бросьня?!

Зьбялеўшы, як мел, Рыгораў твар выказваў яго сібернае абурэньне, перамешанае з востраю трывогаю.

— Адкуль ты праведаў гэта?! Ці праўда таму?..

Яго напружаны ўзрок разьліваў агонь кіпучае злосьці.

— Толькі вось атрымаў ліст ад Провава… Не пасьпеў, ведаеш, зайсьці ў пакой, як мне яго падалі… Прачытаў… і на табе… Выпіў шклянку кавы і да цябе…

— Рудольф Шульц!! Братка ты мой!

І Сіман, і Ліба аслупянела глядзелі Паўлу ў вочы.

Рыгор пусьціўся тупаць па пакоі.

Яго важкія, цьвёрдыя крокі гучэлі па ўсёй кватэры.

— Бедны Рудольф!!

— Які слаўны таварыш!

— Гэткі харошы чалавек!

За гэтымі словамі запанавала важкая цішыня, у якой чуўся выразны процэс кондэнсацыі вострае злосьці да забойцы.

У згустках гэтае злосьці формавалася суровае адамшчэньне.

Яго напорнасьць падняла Рыгораву руку ўгару і затрасла выпрастаным пальцам перад цёмным акном.


II

ВЕСТКА ПРА ЗАБОЙСТВА Рудольфа Шульца хутка падмацавалася пісьмом Сёмкі. Сёмка падрабязна апісваў Рыгору кароткую, але жудасную гісторыю бросьневае расправы з Рудольфам.