Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/436

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нам ня трэба станавіць жадных мэт у прыватным жыцьці, калі яны ня зьвязаны з жыцьцём агульным… Мне сьмешна глядзець, як людзі тужацца з усіх жыл, каб зьберагчы лішнюю капейку… Агідна, ведаеш, Сіман, слухаць гутаркі пра ўзнагароды, павышэньні, пра дробненькую цікавасьць набыць пляцок, хату… Да чаго ўсё гэта? Ласьне можна гэтым адмежавацца ад усяго сьвету? Або ўхілам ад агульных падзей зьберажэш сваю недатыкальнасьць? Дарма ўсё гэта — мурашчына політыка… Я ў баку ад усяго гэтага, а што іншае мяне можа трымаць на адным месцы?

— Які лад, гэткія яго і праявы…

— Гадкі лад.

— Згаджаюся з табою…

— Але ня меней гадка, калі ня шукаеш, дзе яго канец.

— Вось асноўнае… Усё-ж, браце, жыцьцё не стаіць на адным месцы… Памятай тое…

— Што-б тады было, каб ды яно спынілася…

Іх філёзофскія разважаньні пагражалі зайсьці далёка ў ноч, але, трапіўшы на іх, Памыйка павярнуў іх гутарку ў другі бок.

Засопшыся, Павал адначасна з тым, як падняў цераз парог левую нагу, праказаў:

— Я прынёс табе, Рыгор, сумную навіну… цяжкую…

Прысутнасьць Сімана, якога ён адразу не пазнаў, не дала яму закончыць сказу.

Ліба пераняла Памыйкаву зьбянтэжанасьць.

— Сіман Галас — ці-ж вы не пазналі?

Памыйка раптам знайшоўся:

— Выходзіць, што я вам прынёс сумную навіну, а ў вас застаў вясёлую… Здароў, Сіман! — працягнуў ён яму руку.

За гэтым сказам Паўла чулася выразная трывога, якое не скрашала Сіманава рэзвасьць.

— Вашаму благародзьдзю!.. Адкуль гэта павеела, што ты трапіў сюды?

— Выпадкова… Ну, а ты якім чынам апынуўся тут?

— Сярод чыноўнікаў?

— Хоць-бы і так… Кажы!

— Перш выкладай свае навіны…

— Так, кажэце, Павал, тое, што меліся.