Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/438

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Яна зрабіла цяжкае ўражаньне ня толькі на рабочых, а і на ўсіх дваровых, на местачковае жыхарства», пісаў Сёмка. «Але забойца, нажаль, не атрымаў належнае адплаты за свой «крывавы ўчынак. Абкружаны раззлаванымі рабочымі, ён пасьпеў вырвацца з іх рук і ўцячы пад ахову сунічанскай поліцыі. Праўда, Проваў дамагаўся таго, каб станавы Бросьню арыштаваў і адправіў у Менск. Ці зрабіў гэта станавы — невядома, усё-ж Бросьні зараз у нас няма… Рудольфа-ж Шульца, трэба сказаць, пахавалі на старых местачковых кальвініскіх могілках. Натоўп людзей з двара і з мястэчка, які праводзіў забітага на могілкі, яскрава засьведчыў сваю павагу да яго і востры протэст супроць учынку драпежніка-тэхніка. Уміраючы, Рудольф некалькі раз успамінаў цябе».

Сёмкаў ліст быў канчатковым пасьведчаньнем пра сапраўднасьць Памыйкавага паведамленьня. Ніякіх суцешных вестак чакаць пасьля гэтага нельга было.

Рудольфаў вобраз некалькі дзён засаб трымаў на сябе Рыгораву ўвагу. Яго не кранула гэтак моцна ні сьмерць Гэлі, ні сьмерць мацеры… Рудольфава сьмерць мэрам-бы вабрала ў сябе ўсе жахі перажытых Рыгорам трагедый і вызьвярылася на яго сваёю жудаснаю сапраўднасьцю. Гэта сапраўднасьць, зразумела, была не абмежавана часам ды не акрэсьлена месцам, але Рыгор хапіўся і за выпадак з Рудольфам, каб далучыць яго да тых прычын, якія штурхалі яго да выезду з Менску. Пад націскам гэтых прычын усё слабейшымі ды слабейшымі рабіліся супярэчныя ім фактары. Важнейшы з іх, пра якія Рыгор часта дапамінаў Лібе, — гэта пагроза падпасьці ў Пецярбурзе выкрыцьцю і арышту, — губіў таксама сваю вострасьць.

Рыгор самаўверана глядзеў у наступнае, застаючыся наўзьдзіў нячулым да небясьпекі. Усвойная яму, як кожнаму чалавеку, некаторая асьцярожлівасьць адпала, як прыгаркі ад пасудзіны. Ён ня пытаў сябе, чаму гэта так сталася з ім, але быў упэўнены, што зараз з гэтым ня годзіцца яго людзкая вартасьць. Гэта адкідала вострасьць клапатлівасьці і пра сямейнае жыцьцё. Рыгор вызначыў яму маленькі ўтульны куток у сваім нутры, без якога наогул, нельга абыйсьціся жывой істоце, і тым здавольваўся.

Гэта незаўважная клапатлівасьць упіралася галоўным чынам у Лібу.