Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/432

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стрых упікаў за недагледжанае патуханьне сваіх ранейшых настрояў. Але, побач з гэтым, гутарка з Рыгорам, ахапіўшы шырокае кола бягучых зьяў і будучых заданьняў, дала яму набой для ўсхваляваньня і аброк да аднаўленьня ранейшай актыўнасьці.

— Так, — завяраў Пятрусь перад адходам, — я пераеду ў Пецярбург. Мяне цягне туды ня менш твайго… Толькі…

— Вось гэтае толькі і не дазваляе табе пакінуць Масквы.

— Дык парадзь мне, Рыгор, што рабіць…

— Якая тут рада… Чакай яшчэ нейкі час…

— Няўжо ім у галаве за мною сачыць? Вось быў-жа я надосчы ў Пецярбурзе і праз пяць дзён — ніякага знаку сочкі…

— Завяраць, браце, цяжка…

— А так-бы паехаў перш я, а сьледам выцягнуў-бы і вас. У мяне там наклёўваецца некалькі добрых месц… Разумееш, за гэты час пасьпеў зарэкомэндаваць сябе перад кіраўніцтвам установы, а частыя командыроўкі далі магчымасьць знайсьці добрае знаёмства… Вы паехалі-б, Ліба Шлёмаўна?

— Яшчэ з якою-б ахвотай! Як была ў Пецярбурзе — цягнула куды індзей… А пажыла ў Менску — моцна хочацца назад у Пецярбург… Усё-ж Менск — провінцыя… Ехалі-б вы хутчэй, Пятрусь… А то мне Рыгора не ўгаварыць.

— Што-а?

Рыгор зрабіў фальшыва-сур’ёзную міну і ўзрокам Мэфістофэля паглядзеў на Лібу.

— Не згаджаецца…

— Ты не чакацьмеш, як я прыкажу складвацца, — пажартаваў Рыгор.

— Паду-у-мма-еш! Адкуль ты набраўся гэтае сьмеласьці?..

Ліба Шлёмаўна прэтэндуе на матрыархат…

— Згодзімся, што да гэтага яшчэ далёка, але…

— Але не бяз дыктатарскіх ухілаў…

Яны весела засьмяяліся.

Адбітак гэтага сьмеху Пятрусь вынес на сваім твары з Рыгоравага пакою.

— Да спатканьня ў Пецярбурзе, — пажадаў ён Лібе, якая правяла яго з кватэры.