Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/431

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна пачакала пакуль Пятрусь распрануўся, пасьля выбегла з пакою.

— Так, жонка… законная… Адно другога ўзаконілі, — пасьмяяўся Рыгор.

Ліба вярнулася з гарбатнікам.

— Я думаю, ня лішнім будзе з марозу шклянка цёплае гарбаты, — абярнулася яна да Пятруся.

— Згаджаюся, дзякую.

П’ючы гарбату, Пятрусь рэвізаваў узрокам абсталяваньне пакою і вясёлую спанраўную яму гаспадыню. Ён не чакаў, што прыяцель спаткае яго ў сямейных абставінах. Да гэтага ня было жадных адзнак. Ды па настроі Рыгора Пятрусь ня мог дапусьціць хуткае перамены ў яго жыцьці. Між тым факт паказваў сваё. Пятрусь спачувальна глядзеў на таварышавы паводзіны, хоць прысутнасьць пры Рыгоры Лібы, відаць было па ўсім, мала ўплывала на Рыгораў нутраны сьвет.

Умовы, што зьяўляліся сьведкамі новага жыцьця, далёка не пасавалі да маладых асоб, якія сядзелі пры ім, мэрам-бы сышоўшыся з прычыны яго наведаў.

Камод ды стол, канапка і ложак, пяць патрыманых крэсел мала рознастайнілі памяшканьне для дваіх ад памяшканьня для аднаго. Усяго і служыла гэта абсталяваньне ў мэтах адноснага дапамінку Рыгору пра яго гаспадарскія абавязкі. А калі ды Ліба ня дужа заўзята пільнавала гэтага, тады за камодам ды кушэткаю толькі і аставаліся сухія функцыі сьцясьненьня гаспадара. О не, Пятрусь у гэтым пасьпеў шмат далей перагнаць Рыгора! Яму хапіла часу, каб абкруціцца досыць надзейна клоплатамі «заўзятага сем’яніна». Што таму пасабляла — гадаць ня трэ’ было доўга.

Пятрусь выразна бачыў прычыну гэтага і ў абставінах свайго жыцьця, якое зьвязала яго нелегальнасьцю, ва ўмовах непаседнае службы, каторая кідала ў разьезды і, нарэшце, спадчына, вынесеная з астрогу. Усё паказанае з невялікім дадаткам пятрусёвае ўступчывасьці значна пасунулі яго ў бок сямейнае клапатніны.

Чамусьці ў прысутнасьці Рыгора з Лібаю гэта вельмі выразна замуляла ў яго нутры.

Паведзеная гутарка на тэму бягучага жыцьця ня стрымала Пятруся ад самапапроку. Ён даў месца ў сваім нутры для во-