Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/430

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Табе ня хочацца слухаць, Рыгор?

— Кажы, кажы, Ліба…

Рыгор вызваліў руку і перацяў ёю Лібіну стройную паясьніцу.

— Каб я думаў, ці чакаў, магчыма ўсё-б яно іначай пайшло…

— Іначай?.. Выходзіць, што ўсяму прычына ёсьць адзін цёмны выпадак?

— Выпадак, але той, якім кіруецца наша жыцьцё… Калі ён і быў цёмны, то я асьвяціў яго сваёю сьвядомасьцю… Якія, аднак, вы жанкі чулыя!..

— Ты глядзіш на мяне выключна, як на жанчыну? І не саромеешся казаць гэтага?

— Адкуль ты бярэш усё гэта, Ліба? Было-б так, я абмежаваўся аднэю-дзьвюма стрэчамі з табою… Я не раскідаю свайго пачуцьця на вецер і не таргую словамі, як лыкам… Да цябе я прыйшоў праз доўгія, спакусныя іспыты… Ды што казаць…

Рыгор адчуў раптам Лібін пацалунак. Ён быў ціхі, але шчыры і зацяглы, з сілаю, якая, не нейкі час перацяла іх глыбокія ўздыхі і заваражыла прасторны пакой салодкаю маўчанкаю.

— Мы яшчэ шчасьлівыя з табою, Рыгор! А ёсьць людзі — і колькі гэткіх людзей! — што гадамі ня бачылі сваіх жанок, дзяцей… Ды можа ня ўбачаць!..

— Трэба напружней змагацца… Нехта стукае?

Мінутная іх настарожлівасьць перарвалася паўторным стукам.

— Адчыні, Рыгор!

— Прашу заходзіць! — гукнуў ён, зрабіўшы пару крокаў да дзьвярэй: — Засьвяці агонь, Ліба!

Яна не пасьпела абмацаць лямпу, як у пакой увайшоў чалавек, якога ў вячэрнім змроку нельга было адразу распазнаць.

— Нарэшце адшукаў!.. Добры вечар у хату! Ну і забраліся-ж!

У голасе ўвайшоўшага гучэла нешта знаёмае, але не па голасе Рыгор распазнаў Пятруся. Засьветленая Лібай лямпа выявіла Пятрусёў твар, на якім бегала вясёлая ўхмылка.

— Сапраўды, што нарэшце! А пісаў-жа, што будзеш у Менску многа раней… Маю гонар пазнаёміць з маёю жонкаю…

— З жонкаю?! Так-такі і жонкаю?!

Пятрусь прывітаўся з Лібаю і аглядзеў пакой.

— Скідайце паліто, — запрапанавала Ліба: — я пастараюся… гарбаты…