Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/429

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паложаных на стале кніжак трапляў у зацямненьне, якое скрадала ня толькі загалоўкі кніжак, а і малюнкі іх вокладак.

— Трэба адсунуць крыху назад, тады болей на стол ляжа сьвятла. Няпраўда, мо’?

Ліба паднялася і пільным розьзіркам праверыла Рыгоравы меркаваньні.

— Ня так сьвятло, як холад. З акна-ж неміласэрна дзьме. Па-першае, трэба было-б уставіць новыя шыбы ды пазатыкаць паміж рам… Які недагляд, а гэткія грошы дзяруць… Адсунь стол на корх-другі назад…

Яна падышла да акна, праверыла рамы і шуфляднікі, папрабавала шчыльней прычыніць дубальт і нездаволена кіўнула галавою:

— Што-ж ты хочаш! Яшчэ добра, што і гэткую каморку ўдалося знайсьці. Як-ні-як, а сьвятла багата, прасторная.

— А чаго-ж ад старога дому хацець!

— Зразумела… Бачыш, дамаўласьнікі не адстаюць ад іншых гандляроў. Даражэе мяса, дровы, крамніна — чаму-ж адставаць кватэрам… Ды горад перапоўнены да адказу…

Рыгор адсунуў стол назад, а ложак пацягнуў крыху да акна.

— Ды ці ня ўсёроўна, як што будзе стаяць! Адзін корх бліжэй да акна, ці далей…

Ліба ўголас засьмяялася.

— Які ты цудны, Рыгор!.. Сядай ды раскажы мне, што новае… Мы-ж з табою так мала бачымся…

— Няма часу, Ліба!

Ён прысеў і ценька датуліўся галавою Лібіных грудзей. Тая выпусьціла з рук нячытаную газэту і абвіла яго шыю тонкаю белаю рукою. Пальцы рукі краталі яго губ, якія адказвалі прагным варушэньнем.

— Ты паглядзі, адно, Рыгор, як хутка праняслося каля двух месяцаў з таго часу, калі мы пачалі наша супольнае жыцьцё! Я не пасьпела агледзецца, а тымчасам…

— Кажы, я слухаю…

— Прызнайся мне, ты думаў, што ўсё так проста, ды так незаўважна перапляцецца адно з другім, і мы станем…

— Чым?

Лібіна рука крыху падалася наперад, гэтак, што далонь прыйшлася на Рыгоравы вусны, якія знайшлі пад ёю ўтульнае месца…