Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/425

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сказ якогасьці селяніна з торбаю на плячох: «І да чаго толькі гэта дойдзе». Мужычка абмылі спачуваючыя ўзрокі не адных цывільных. Храбрыя палкоўнікі пераглянуліся з сабою і загадліва паківалі галовамі.

Рыгор абышоўся маўчанкай, хоць селянін і падвастрыў яго ахвоту выказаць сваю думку. Але ён ня мог ручыць, што на яго сказ адгукнуцца ўсяго тым-жа, чым на словы селяніна, і пайшоў напрамкам да ўпраўленьня работамі.

Ён знаходзіўся зусім недалёка ад будынку, дзе зьмяшчалася ўпраўленьне, калі напатканая сястра вярнула яго да ўчарашняй гутаркі з Лібаю. Мігам у Рыгоравым уяўленьні прабегла карціна мінулай ночы, слова ў слова прагучэлі ў яго вушах адпаведныя, рашучыя дыялёгі паміж ім ды Лібаю.

Мэрам-бы хто хапіў Рыгора за руку і прыпыніў — ён пракалоў узрокам даўжыню Захараўскай, і праз хвіліну зрабіў увераны крок наперад.

На другім кроку ён прамармытаў пра сябе.

«Адказныя справы ў жыцьці адзінкі, як і ў жыцьці грамады, вырашаюцца часам вельмі проста ды лёгка».

З гэтага сказу паплыў струмень думак і плянаваньняў, якія завярцеліся вакол Лібы, перароджваючыся ў будзённыя клопаты пабудовы сямейнага жыцьця. Гэтыя клопаты, зьмешаныя з навіною ўзятых абавязкаў, варўшылі Рыгоравым нутром і плячыма.

Рыгор пачуў сябе крыху вальнейшым, калі ўвайшоў у канцылярыю ўпраўленьня работамі. Стукатня машынак, службовая бегатня, незнаёмыя твары службоўцаў вярнулі Рыгора да бягучае сапраўднасьці.

— Выбачайце! — перапрасіў ён якогасьці пісца, запыніўшы яго пры дзьвярах. — Мне трэба Прахора Хведаравіча Стукалку.

— А навошта ён вам? — запытаў пісец і раптам, збаяўшыся свайго пытаньня, дадаў, ткнуўшы ў паветры пальцам:

— Прахор Хведаравіч вуньдзека сядзяць!

Рыгор падзякаваў і прайшоў да паказанага места.

— Я да вас ад Яўгена Віктаравіча Провава.

Стукалка далікатна схінуўся і працягнуў Рыгору руку.

— Ці ня вы ўчора прыехалі ў Менск?

— Вам паведамляў Памыйка?

— Мы ўжо падбалі пра месца вам.