Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/424

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Будзі мяне, Ліба, а дзевятай, я мушу ісьці ў упраўленьне.

— Хочаш, а восьмай абуджу, калі сама ісьціму ў лазарэт?

— Здаюся на цябе…


IX

ВУЗКІЯ ТРОТУАРЫ Губарнатарскае вуліцы ледзьве ўмяшчалі натоўп пешаходаў. Вялікая колькасьць вайскоўцаў заўважна пярэсьцілі чорныя сылуэты цывільных. Чыстае асеньняе неба разьлівала сонечнае сьвятло па ломаным бруку. Яго праменьні асьвятлялі каламутныя жаральцы памыяў, што цяклі між тротуараў, як і трывожныя, няпэўныя за сваё наступнае, твары офіцэраў, палкоўнікаў, генэралаў. Апошнія нахаду шалясьцелі сьвежымі газэтамі, нядбайна ківалі галовамі пры адданьні ім чэсьці і хаваліся за рагі дамоў папярэчных вуліц.

Земгусары адбівалі сваім выглядам спакойны настрой забясьпекі. На іх блішчастых палетах халоднае сонца ганяла зайчыкаў, якіх некаму было палохаць. Служба не перашкодзіла земгусарам урваць гадзінку-другую часу на зазірк у кавярню.

За круглымі мармуравымі столікамі з каваю па-варшаўску яны праседжвалі доўгія часы, выказваючы лібэральныя думкі і «опозыцыйныя» настроі разам з «клопатамі» пра салдат у акопах.

На скрыжаваньні Губарнатарскае і Захараўскай над гімназіяльным парканам віселі апошнія навіны. Іх выкрыквалі і газэтчыкі, але кожны пешаход лічыў сваім абавязкам праверыць крыкуноў на адказным аншлягу.

Роўна а дзесятай гадзіне Рыгор выйшаў з Юр’еўскай на Губарнатарскую. Параўняўшыся з першай кавярняй, ён заскочыў выпіць кавы. На гэта пайшло каля чвэрткі гадзіны. Далей зрабіў спынку перад навінамі. «Расія і Італія абвясьцілі вайну Баўгарыі», — стаяла ў першым радку зьверху. Выдзеленая буйнейшымі літарамі гэта навіна забівала ўсе іншыя. Вакол яе вярцеліся гутаркі ў сабранай грамадцы.

Пара пажылых палкоўнікаў, што стаялі з боку Рыгора, вылаяліся агіднымі словамі па адрасе Баўгарыі. Нейкі чыноўнік па форме з контрольнае палаты, паціскаў плячыма, дзівячыся, што робіцца на сьвеце. Бясьпечны дыскантовы галасок сястры, якую падвёў да навін зухавы казачы сотнік, сьмяялася з задзёру баўгарскага Карлушы. Зьнянацку дысонансам прагучэў пытальны