Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/423

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мне так добра з табою, Рыгор, так радасна!.. Няўжо ты ня чуеш гэтага? — праказала Ліба.

Пацалунак, які выплыў сьледам за яе сказам, быў галасьнейшы за словы гутаркі…

Калі іх губы разьняліся, абое аглянуліся на сьценку, за каторай храпла гаспадыня.

Падазронасьць, што іх хто падслухаў, раптам патанула ў сугучным сьмелым рогаце.

— Я толькі ў паяднаным жыцьці і магу знайсьці сваё шчасьце. Я веру сама, што сапраўдная любоў павінна прайсьці праз доўгія іспыты. Да яе мусіць падгатаваць чалавека само жыцьцё. У адносінах мяне — наша стрэча па адрасе ў Ступкі вырашыла гэта пытаньне канчаткова… Ты згодзен са мною, Рыгор?

— Я многае згубіў, пакуль цябе знайшоў. Ужо адно гэта кажа за тваю каштоўнасьць у маім ваччу… Далейшыя мае думкі накіраваны толькі ў адну кропку — гэта да таго, як-бы надаўжэй захаваць цябе… маёю сяброўкаю, таварышам маім… маім вечным спадарожнікам… Я не хацеў-бы таіць рознастайных нечаканасьцяй у наступным, але ведаю, што ты з імі лічышся сама. Перад намі — будучыня. Сёнешняе — бягучае, будзённае, як падстава, як апора, з якою мы змагаемся за заўтрашняе… Разумееш, Ліба?

— Ня пытайся, Рыгор. Ты не павінен забыць майго першага ўзроку, які я падаравала табе, падаючы, памятаеш, сьнеданьне. У тым узроку быў зародыш таго, што зараз вырасла ў моцнае, вялікае, непарушнае пачуцьцё… Я разумею цябе, бо памятаю тваё хваляваньне ў дзень Першага мая, твае словы на сходцы ў Смагінскім лесе, падзеі ў Рызе і ў Пецярбурзе… Няхай наступнае іх удвоіць, утроіць — я не пахіснуся, не дапушчу крануць сумненьню стойкага сэрца… Мяне лучыць з табою ня сёнешняе маё і агульнае, а агульнае і маё заўтрашняга дня… Не сумляваешся, Рыгор?..

Дванадццатая гадзіна, што выбіваў яе гадзіньнік на вежы, сьведчыла падвойны пацалунак, як аброк, што перадавалі яго Рыгор Лібе, а Ліба Рыгору.

За сьцяною чуўся той-жа крэкт гаспадыні, але ўрачыстасьць прызнаньня рэзваю бадзёрасьцю разганяла спакой запіханьня.