Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/422

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выбачайце, — сказала гаспадыня, разглядаючы ў шэрым змроку дваіх прысутных, — я ўжо зьбіраюся спаць і прасіла-б вас, калі што трэба, то кажэце зараз… Няхай-бы вы запалілі лямпу!.. А можа няма газы?..

— Дзякуем, пакуль, здаецца, нічога…

— Засьвяці агонь…

— А спаць як?

Тоўстая кароткая кабета, не дачакаўшыся адказу, дадала:

— Калі сястра не захоча спаць у сталовай, то прашу ўнясьці ў пакой канапку і… я падушку дам сваю…

І выйшла.

Ліба засьвяціла агонь і пабегла за гаспадыняй.

— Калі ласка, ці ня можна гарбаты? — праказала яна за дзьвярыма.

— Трэба ўнесьці канапку? — ні то парадзіла, ні то запытала Ліба, вярнуўшыся ў пакой.

Рыгор згадзіўся і праз некалькі хвілін парваная, брудная канапка стаяла ў Лібіным пакоі. Адзін канец яе ўпіраўся ў камод, другі — у сьценку ад калідору, а між ложкам і канапкаю сьвяцілася вузкая разорына праходу.

— Было-б лепей, каб вы яе пасунулі да акна, па той бок камоду, — парадзіла гаспадыня, прынесшы гарбаты.

Ліба адказала на гэта пагаворкаю:

— У цеснаце — ня ў крыўдзе.

Пагаворка прышлася гаспадыні па нутру тым болей, што яна збаўляла яе ад клопату слаць пасьцель Лібе ў сталовай.

— Асабліва маладым людзям, — пажартавала яна на выхадзе.

Гаспадынін жарт быў апошнім фактарам пастароньняга сьвету, які наведаў Лібін пакой.

Далей нівошта не перашкодзіла ёй выпіць з Рыгорам гарбаты і аддаць патрэбны час для інтымнай, хвалюючай гутаркі, тэмы каторае выплывалі з іх блізкіх, цёплых сяброўскіх адносін.

Затуленая зялёным абажурам лямпа ўзмацняла вакольную цішу, якая прыдавала іх спакойнай гутарцы сталёвую выразнасьць.

Сумнаватае сьвятло скрадала вострыя куты рысаў, і міны іх твараў рызыкавалі адбіцца выключна ва ўзаемных узроках кожнага. Настрой угатаваў глебу для адкрытых выказаў пачуцьця, да выразных, акрэсьленых слоў.