Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У іншым аспэкце паўстаў перад ім Сёмка. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуцьцё таварыскай блізкасьці, цеплата кампаніі ў юнацкія гады. Ён ведаў яго наскрозь, разумеў як сябе. Сёмкаў вобраз заўсёды запаўняў сваёю прысутнасьцю, сьвет рыгоравых успамінаў і лісьціў шчыраю адданасьцю яму.

Рыгор упарта змагаўся з наплывамі забыўчывасьці, якую расьцілі вакол яго разухабістыя хвалі жыцьця. Яскрава адзнаная павіннасьць выцягнуць Сёмку з местачковай зацьвілі не пакідала Рыгора. Абы толькі ён адчуваў сябе моральна задаволеным — варочаўся да Сёмкі і шныпарыў у вакольных абставінах, шукаючы магчымасьцяй выбавіць таварыша.

Сёмкава развага, яго хоць і непаваротлівыя, але сьветлыя і простыя думкі, выразнае ўспрыяцьце соцыялістычных ідэй, зычылі рабочай справе адданага абаронцу.

Расказаны Гэляй выпадак з арыштам Сёмкі засьведчыў Рыгору таварышаву пасьлядоўнасьць. Рыгор ня выказаў, але адчуў прыемнасьць ад сёмкавай гісторыі. Гэта вымусіла яго праверыць свае магчымасьці сустрэцца з Сёмкам. Сілцы былі астатнім месцам для гэтага, ну ўсё-ж пры спрыяючых акалічнасьцях нельга было адкідаць і іх… Тым болей, што там —

Маці…

«Што думае старая пра свайго сына? Выплаквае балючыя вочы і тупіць безнадзейную веру ўбачыцца? Цяжкім крыжам ляжыць на яе плячох мая разлука з ёю і дратуе сэрца доўгая невядомасьць пра мяне. Нельга адмаўляцца ад завабнага настрою наведаць Сілцы. Няхай яны з невялікай гасьціннасьцю чакаюць мяне; ды ці-ж я паеду для Сілцоў, а не для маці і хоць для малой, але прыязнай жменькі людзей? Выпадзе зручны момант і я…»

Вобраз стражніка, мігнуўшы ў раскалыханым выабражэньні, дапоўніў Рыгору пра ўмоўнасьць яго хаценьняў. Над ім вісела дазорнае вока дбайнага начальства. І двухдзеннае ўхіленьне ад стрэчы з ім не выбаўляла яго ад пільнага дагляду… Сёнешні візыт поліцэйскага дапомніў пра той агідны хвост, які цёгся з Рыгі да Смагіна.

Можа тым, што ехаў Рыгор, а можа і папярэднім цягніком, ішлі ў Смагінскі стан датычныя Рыгора адносьнікі. У сухіх ад запячаных мук і цярпеньняў радкох вучастковых дакумантаў ляжалі сьляды жоўтага будынку рыскага астрогу. Яўка для прапіскі — вязацьме Рыгора прыгатаванымі ланцугамі няволі.