Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/391

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Няўжо ды ты мой муж?.. Не бяры ў сур’ёз…

«Прыяжджай, каб не абрасьці мохам.

Цалую — Ліба»…

Рыгор аддаўся ўмільнасьці… Асалода пацалунку…

Ліба!

Лі-ыба-а — ты?

Нячутна адчыненыя дзьверы прапусьцілі ў Рыгораў пакой гаспадыніну ўзлахмачаную галаву.

Асьцярожлівае запытаньне, аднак, было гулкім у затоенай цішы, і Рыгор зьбянтэжана павярнуўся да дзьвярэй.

— Гэта вы?

— Выбачайце, вы не чакалі?

— Вам я патрэбен?

— Можа будзеце піць гарбату?

Іышым тонам:

— А ці-ж ужо пара?

— Дзесятая на сходзе… А калі хочаце, я прынясу малака.

— Калі можна — сырадою.

— Пэўна-ж…

Гаспадыня зьнікла. Але Рыгор не пасьпеў вярнуцца да перабітае думкі, як яна зноў стаяла перад ім. Падаючы пітнік з малаком, маладзіца з адбіткам трывожнасьці ў голасе праказала:

— А немцы ўжо каля Баранавіч… Аканом вярнуўся з мястэчка і казаў… Вільня таксама забрана… Што-а гэта толькі будзе-э, Рыгор Міхасевіч? Глядзеце, што праз які тыдзень і Менск апыніцца ў іх… І калі, крый чаго, прыдзецца ўцякаць, я сама ня ведаю, як тады быць… Ці-ж хто спадзяваўся гэтага?

— Ня думаю, каб да таго дайшло.

— І мне здаецца, — ласьне ўжо здарыцца нешта надзвычайнае… Усё-ж такі ад Баранавіч да Менску болей сотні вёрст, а ад Менску да нас… Няўжо-такі…

— Сьпеце сьмела…

Рыгор засьмяяўся, і гэта гаспадыню ў момант перанастроіла. Яна падбегла да стала і пільна агледзела паложаныя на ім лісты.

— А сястра ня піша?..

— Якраз піша ды кланяецца вам…

— Ласьне? — палісьцілася маладзіца.