Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/390

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«А як я? Што мне сказаць пра сябе? Як і раней, калі ня горш?».

Пятрусёў ліст, аднак, ня прынёс новага хваляваньня. Ад яго павеяла буднямі, калі ня браць пад увагу хаценьня ўгледзецца з Пятрусём, як з таварышам і сябрам.

«Цікава, бязумоўна цікава, як адбіліся на ім апошнія здарэньні з яго жыцьця»…

У кастрычніку будзе ў Менску! К таму часу перабярэцца ў Менск і Рыгор. Ну, а як будзе стрэцца? Трэба Пятрусю адпісаць…

Ужо дачытаны ліст знаходзіўся на паўдарозе да месца, дзе ляжаў і Цьвібелеў, калі Рыгору раптам узьбегла на памяць і Рыма.

Ён удвойчы каўзануў узрокамі па лісьце і не знайшоў, як і першы раз, гэтага імя…

Як-жа думаць, ці ўзяў яе Пятрусь, ці можа?..

Цікава, як з Рымаю!

Няўжо?..

Шорпат трэцяга конвэрта зьліўся з расьцяжным тонам няскончанага запытаньня.

Блакітны лісток паперы. Простае, няроўнае пісаньне — вядома, ад Лібы.

«Ты не перадумаў усё-ж таго, на чым мы ўмовіліся?

«Нуджу без цябе і з няцерпам чакаю твайго прыезду… Ваджу чарадамі раненых. Цесныя менскія панэлі апрацівелі мне да… Ці можа апрацівелі тыя абставіны майго зацяжнага шпітальнага жыцьця? Ня ведаю сама…

«Той «чырвоны сьмех», які нязмоўчна гучыць у маім вушшу… Ад яго зьвіняць шпітальныя вокны, ім запоўнена цяжкае шпітальнае паветра… Але ўвесь Менск — адзін шпіталь… Нідзе ня дзенешся… Вакол раненыя, і тыя, што на чарзе…

«Я часта наведываю вакзал і гляджу-цікую, ці ня ўбачу цябе. Дапушчаю, што возьмеш і прыедзеш не паведаміўшы. Ці праўда, Рыгор?..

«Без таварыша… бяз блізкага чалавека цяжка робіцца жыць. Аднак… гэта жаночыя капрысы… часамі задурышся і сама сабе ня рада — ты — мой муж…