Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/389

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Насьпяваньне багатых зьместам здарэньняў, неакрэсьленасьць іх уплыву на наступнае, шырокія магчымасьці разгарненьня рабочага руху — усё-ўсё гэта раптам вырасла перад ім з маленькага таварышавага ліста ў нешта агромністае і жывое, і завалодвала яго істотаю.

Ці спадзяваўся ён, едучы ў атрад, так доўга ў ім затрымацца?

А то-ж мінула столькі часу, як глухая провінцыя адрэзала яго ад трапяткіх пытаньняў бягучага жыцьця! Да чаго ўсе гэты Провавы, Бросьні, іх стан і іх злосьць; навошта тая надмерная ўвага, зьвязаная з тратаю часу і энэргіі на гутаркі, просьбы і сваркі з гэтымі фактычна нікчэмнымі чынушамі?.. Надало яму паслухаць Паўла і кінуць Пецярбург, каб у падобныя гістарычныя часы сыйсьці з шырокага шляху ўзрастаючага змаганьня!..

Раптам ліст Цьвібеля зноў прыцягнуў да сябе Рыгораву ўвагу: апошняя старонка была прысьвечана прыватнаму жыцьцю таварыша.

Цьвібель скардзіўся на Рыгоравага знаёмага, што той ня выпаўніў абяцанкі і не памог яму, Цьвібелю, стала ўладзіцца на заводзе. Ужо болей двух месяцаў, як ён бяз працы; дарагоўля выцягнула з яго апошнія магчымасьці для далейшага жыцьця, а тут пасьпела і яго чарга ісьці ў войска. Ён упрасіў латыскі бежанскі камітэт паглядзець за сям’ёю, а сам пасьля некаторых бадзяньняў папаў у латыскія стралкі.

Але развага наконт Цьвібелевых паводзін адляцела да століка разам з кінутым лістом.

Другі ліст чакаў свае чаргі, лёгка падняўшыся з акна Рыгоравай рукою.

На штэмпелі — Масква…

Рыгор, перад тым як чытаць, прыслухаўся чагось. За сьценкаю — нікога. За акном — зорнае неба…

Раптам каля акна забрахаў сабака.

Чаго ён тут?

Масква! Напэўна піша Пятрусь!

Так — характар Пятрусёў.

Рыгор з прагавітасьцю накінуўся на роўныя радкі ліста.

І Пятрусёва істота — побач з ім. Вось ён, таварыш і сябра, з яго жыцьцём у Маскве пад чужым імем. Служба ў народным банку, новыя знаёмыя, цікавая грамадзкая праца, ажаніўся, мае быць у кастрычніку месяцы ў Менску…