Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/388

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Рыгор скамячыў ліст і ўсунуў яго ў кішэню, мяркуючы прагледзець за вячэраю. Аднак гаспадыня гэтаму перашкодзіла… Яна, мэрам-бы ў помсту за перарваную гутарку ў дзьверах, не закрыла рота, пакуль Рыгор ня скончыў вячэру і не вярнуўся да свайго пакою.

За якіх дваццаць хвілін ён пачуў процьму казачных навін, сплеценых рэзваю маладзіцаю ў мудрыя комбінацыі фантастычных зьявішч. У іх вінігрэце знайшлі сабе месца і двор, і мястэчка, і фронт, і Менск, яе муж і кіраўнік работ, і людзі, і месцы, пра якіх Рыгору ня было жаднае цікавасьці і якія ня болей цікавілі лепяткую гаспадыню.

— Вам не заснуць будзе доўга! — заключыла яна, калі Рыгор, не даслухаўшы, пакінуў яе адну.

Настарожанае вуха гаспадыні дарма чакала адказу.

Рыгор моўчкі прайшоў да сябе і, засьвяціўшы агарак сьвечкі, зноў хапіўся за чытаньне.

Распакаваны перад вячэраю ліст быў з Пецярбургу. Яго пісаў Артур Цьвібель. Як і што яму стаў вядомым Рыгораў адрас — цяжка было дазнацца. Рыгор дапускаў, што Цьвібелю яго даў Анікей, які знаў пра месца знаходжаньня Рыгора.

Ды дарма — гэта толькі на момант адняло Рыгораву ўвагу, — цікавейшым быў самы зьмест Цьвібелеўскага ліста. З яго Рыгор праведаў пра апошнія навіны з жыцьця Пецярбургу. Таварыш паведамляў пра настроі рабочых, пра пашыраныя гутаркі наконт сэпаратнага замірэньня, пра таемнасьці прыдворнага жыцьця, у асяродку якога вярцелася імпозантная фігура блудніка Распуціна.

Ліст востра заінтрыгаваў Рыгора, Пецярбург з новаю сілаю ўварваўся ў яго нутро і заваладаў яго пачуцьцём.

Ён не дачытаў ліста і нейкі час перапяўся думкамі да берагоў Нявы, на шырокі бурлівы Неўскі, за заставы, на Выбарскую старану.

Выразны жывы вобраз сталіцы напоўніў яго істоту дынамікаю разьюшанага жыцьця. Бясспрэчна, што на яго струнах адчуваецца найцянейшае калываньне лёсу ўсяе дзяржавы. Сталіца зьяўляецца рупарам усіх падзей, і ў гэтым рупары гучыць сконцэнтраванае рэха іх вынікаў. Жыць у Пецярбурзе — гэта знаходзіцца ў асяродку гэтых вынікаў, быць непасрэдным удзельнікам рознастайных пературбацый політычнага і грамадзкага жыцьця.