Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/387

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У Рыгоравым сказе зьвінела сталёвая ўверанасьць, ад якое нельга было захавацца сумліваму настрою, але далей за ёю было нявыразна.

— Ды ўжо-ж! — праказаў Сёмка.

Яго словы расплыліся ў сольным запеве, які зрушыў з месца грамадку рабочых, што, скончыўшы працу, рушылі на адпачынак.

Павісшае на скрыжаваных верхавінах лесу чырвонае сонца мыла халодныя лёзы паднятых угору жалезьнякоў…

Тэхнік Бросьня хмура паглядаў ў бок Рыгора, які ішоў з Сёмкам на адгоне некалькіх сажняў ад рабочых.


II

ВЯСЁЛЫ ТВАР Рыгоравай гаспадыні выдаваўся белым месяцам на фоне цёмнага квадрату адчыненых дзьвярэй.

— Ну і навін-жа ў вас будзе сёньнека! — сустрэла яна Рыгора.

І не пасьпеў той разьвітацца з Сёмкам, як заўжды закасаная рука маладзіцы працягнула яму да твару жмут газэт і лістоў.

— Тут, напэўна, маецца ліст і ад сястры. Цікава, як яна там жыве! Х-а-роша-а-я дзяўчына! Вось ад першага разу спадабалася… ды годзе-э… Што-ж ты зробіш — ёсьць такія людзі… Няпраўда, мо?..

Яна гаварыла бойка, захопна, перагарадзіўшы Рыгору дарогу. Яе хітрыя зоркія вочы крыжавалі яго вострымі ўзрокамі…

Ды не стаяць-жа было Рыгору перад рэзвай гаспадыняй, як перад статуяй, — і ён зламаў ніякавасьць у абыходзінах з жанчынаю, ступіўшы рашучым крокам наперад. Маладзіца спрытна адхілілася ў бок і прапусьціла пасуседа ў кватэру.

Далей на нейкі час яна як зьнікла…

А Рыгор, увайшоўшы да сябе, барджэй хапіўся за лісты.

Непарушную ціш пакоіку перарваў траскучы шорпат дранай паперы. Толькі не пасьпелі Рыгоравы вочы апусьціць напружаныя ўзрокі ў скрадзеныя змрокам радкі лісту, як крохкія стукі ажыўшай гаспадыні павярнулі яго голаў да сьценкі.

— Чую!

— Вячэра на стале астывае…

— Зараз…

— Прашу вас, мой пасуседзе…