Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/386

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дробных… Ведаеце, родныя мае, гроша меднага ня маю… Згіну ў дарозе, калі не пасобіце…

Рыгор з Сёмкам пераглянуліся. Але пры Сёмку нічога ня было і ён ніякавата маўчаў, чакаючы выручкі ад Рыгора. Той шарыў па кішэні і бражджэў медзякамі.

— Даруйце, дзядзька, толькі і маю каля рубля з сабою, — падаючы Сідару жменю дробных перапрасіў Рыгор.

— Ну, дзякую і за гэта, сынок… дзякую… хоць на якую пачку махоркі… А то што меў — як прахам разьляцелася… Жа- арты-і, гэткая дарога! Пецярбург і назад у Сілцы, а колькі, як з Сілцоў… Вярну, браце, калі будзе здароўе і ўся гэта завіруха сьціхне…

— Ці-ж варта пра гэта казаць… парахуемеся, дзядзька, абы ўсё добра было…

Сідарава шапка на гэты раз спрытна зьнялася з галавы, апісала замыславатую фігуру і Сідар кінуўся ад іх уподбежкі за падводамі.

Хутка ўзьняты абозам пыл сьцёр вострыя рысы яго постаці.

— З якога гаспадарства і да жабрацтва!.. Вось яно да чаго можна дайсьці, — задуменна паспагадаў Сёмка і паглядзеў на зямлю, пасыпаную жоўтым пяском.

— Вайна, таварыш! Ці мала такіх, як Сідар!..

— Цяжка, Рыгор, ой, як цяжка!.. Часамі пачнеш думаць, ажно галава закружыцца… Вось дзе бядота — дык бядота… Падумай, што я або гэты Сідар зараз варты?.. Куды яму прыткнуцца ў чужым, невядомым раі? Каб рамесьнік які, каб меў дзе-колечы родных, сякія-такія грошы ў кішэні, а то… Нявыказна. Дзякую, браток, табе, шчыра дзякую, што ты выручыў мяне з бяды… Не зрабі ты гэтага — хто яго ведае, што-б са мною сталася на гэты дзень… А ты… Рыгор…

Рыгор абарваў яго споведзь крутым махам рукі. Аднак Сёмкавы развагі не знаходзілі ў ім важкіх абвяржэньняў. Сапраўды, што ён мог акрэсьленага сказаць у яго ўцеху? Голае, адцягненае слова бадзёрасьці мелася ў яго распараджэньні і з ім адным Рыгор абярнуўся да таварыша.

— А ты надзейней глядзі ў будучыню! Яшчэ ўсё не перажыта!