Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/382

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ



I

ЯЎГЕН ВІКТАРАВІЧ ПРОВАЎ, кіраўнік работ, абкружаны тэхнікамі і дзесятнікамі, аглядаў папраўлены вучастак дарогі.

Роўнаю струною расьцягнулася зафашыненае месца нядаўна раскіданай грэблі. Жоўты пясок, гладка абабіты лапатамі, пераліваўся на сонцы залатымі россыпамі. Абочныя канавы конусам сходзілі да аршыннае глыбіні, адшнуроўваючы цёмную лінію, як анталяжы, на ўзроўні зьніжанага грунту поплаву.

Рабочыя з атраду часткаю корпаліся пры зборы ў адно месца непадабраных ралак, трэсак і кускоў дзярыны, часткаю гутарылі, курачы цыгаркі, часткаю на адгоне некалькіх крокаў хадзілі за комісіяй.

— Нам застаецца пераканаць аб’езды, прыраўняць дарогу ад станцыі да мястэчка і гайда далей, — паведаміў кіраўнік работ, спыніўшыся пасярэдзіне папраўленага вучастку.

— Ну, а з палоннымі як? — запытаў Бросьня.

— Знойдзем і ім працу… Магчыма вам прыдзецца паехаць абсьледаваць да сяла Вішнеўскага… Ёсьць усе даныя, што сюды пройдзе асноўны маршрут…

— А ці пасьпеем мы да асеньняй слоці ўвіхнуцца? Здарэньні на фронце ашаламляючы разьвінаюцца. Немцы падбліжаюцца да Ліды, наступаюць на Пінск, забралі Ваўкавыск…

— Мусім справіцца…

— Пры нашых людзях гэта вельмі цяжка.

— Што-а?

Бросьня азірнуўся назад, дзе наперадзе кучкі рабочых стаяў Рыгор. Кіраўнік хітра прасачыў за ня ў меру старанным тэхнікам і рашуча зьбіў яго намер.

— Вайсковая дысцыпліна нікому не патурае.