Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/381

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён пачынаў непакоіцца. Ад гэткага прыткага чынушы можна было чакаць усяго.

— А вы і не абедалі нават? — запыніла Рыгора гаспадыня, калі ён увайшоў на дзядзінец. — Мабыць праводзілі сястру да самага Менску?

Яе пераліўчаты завабны рогат аддаўся рэхам па-загуменьнем двара і расьсеяў агіднае ўражаньне ад Бросьні.

Маладзіца была далёка ад тужлівага настрою. Адсутнасьць гаспадара, які, згодна яе прызнаньню, быў забраны ў армію, ніколькі яе ня суміла. Вяртлявая і вясёлая, яна або ўмела таіць цяжар адзіноцтва, або зусім была яму чужою.

— А пакуль вы езьдзілі, ваш знаёмы пасьпеў нашчэнт расквасіць нагу. Бедны, ледзьве прыйшоў з атраду.

Яна спагадліва паківала галавою.

— Пайдзеце наведайце яго — ён адзін, жонка пабегла ў мястэчка за ёдам… Не шанцуе… Ну, а вы-ж сястры хаця пакланіліся ад мяне?

— Абавязкова. Дзякавала вам за гасьціннасьць, — адказаў Рыгор і павярнуў, каб ісьці да Сёмкі.

— Чакайце-ж, — хапіла яго маладзіца за руку, — перш паабедайце-э, а тады-і ўжо пойдзеце да таварыша… Можа-ж не памрэ за гэты час. Ці-ж можна галоднаму да вечара?..

Маладзіца зьняла з плеч серп і, не выпускаючы Рыгоравы рукі, павяла яго на кватэру.