Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/379

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За апошні час Рыгору, урэшце, удалося намацаць грунт і разгарнуць працу сярод рабочых атраду. У гэтым дапамагаў яму і Сёмка. Такіх спрыяючых трапункаў у сваім жыцьці Рыгор налічваў нямнога…

Ужо ад’ехаўшы ад канцылярыі кіраўніка работ, ён адчуў поўнае задаволеньне паваротам спраў.

Зацягнутае воблакамі неба не перашкодзіла празрыстасьці яго настрою. Раскалыханыя думкі хутка пераносіліся з двара на гасьцінец, з гасьцінцу ў Менск, з Менску ў Пецярбург.

Пераплёты выплыўшых у памяці падзей калыхаліся ў яго выабражэньні рознаколернымі букетамі кветак.

Ня гледзячы на цяжкія моманты ў мінулым, жыцьцё ўхмылялася фарбамі надзей.

Ігра цёмных і сьветлых плям рознастайнілі Рыгорава жыцьцё, прыдаючы яму цікавасьць.

Стромымі ўступамі праходзіў ён жыцьцёвы шлях, але даваныя сілы папаўняла цьвёрдая вера ў моц і сілу працоўных. Цяжкія іспыты, што выклікала вайна, таілі ў сабе пагрозныя нечаканасьці. Чым болей ваблытваўся клубок ваенных падзей, тым выразьней адзначаліся іх вынікі. Рыгор настарожана лавіў калываньні грамадзкіх думак, дыагнозуючы па іх размахах і ўхіл надыходзячых падзей.

У даную хвіліну Рыгор адчуваў наяўнасьць у сабе багатых скарбаў нявыкарыстанай энэргіі. І толькі глуш запалоханай провінцыі падбівала стромкія ўзьлёты яго рызыкоўных намераў.

Тая праца, якую ён пачаў вясьці сярод рабочых, поўнасьцю яго не здавальняла.

Зьліты ў адно, гучны стук чатырох конскіх ног па дошках мосту павярнуў Рыгора ўлева; ён паглядзеў усьцяж завілай рэчкі і разьбегся ўзрокамі па закаржэлых кусьціках алешніку.

Палкае выабражэньне стварыла жывы вобраз Лібы: белы фартух на шэрым плацьці, чырвоны крыж на выпуку грудзей і мілая задзёрыстая ўхмылка на чыстым румяным твары.

— З мястэчка, Рыгор?

Агінаючы падводу, насустрач яму ішла Волька. Кроках у двух ад яе бегла замурзанае дзіцянё.

— З мястэчка. А ты — у мястэчка?.. Спыні коні…

Фурман напяў лейцы, і коні сталі.