Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/378

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кіраўнік гасьцінна, як ніколі да гэтага, глядзеў на Рыгора, працягваючы яму руку.

— Са станцыі?..

— А мне вось трэба было…

Яны прайшлі ў габінэт кіраўніка работ.

Проваў запрасіў Рыгора сесьці…

— Я хачу вас паслаць у ўпраўленьне начальніка работ… У мяне якраз просяць чалавека, якому адпавядацьмеце вы… Згодны?..

Рыгор не чакаў пачутага ад кіраўніка і ня ведаў, што яму адказаць.

— А можа вам лепш у нас, тады я з вялікай прыемнасьцю пакіну вас пры атрадзе. Я ўжо падгатовіў вам падвышэньне… Думайце!

— Так, я згодзен на вашу пропозыцыю паехаць… А калі гэта трэба?

— Бліжэйшымі днямі… Па-мойму, вам трэба гэта выкарыстаць… Бо што вам можа даць атрад? Вось хутка мы пераяжджаем на новае месца… Надыходзіць восень, дажджы…

— Яўген Віктаравіч! Я ўсяго буду прасіць вас, каб вы не разьлічылі майго бежанца… Вы яго выратавалі прыняўшы ў атрад…

— Ці-ж гэта можа адбіцца на вашым рашэньні?

— Як-бы вам сказаць…

У габінэт увайшла высокага росту маладзіца. Не зьвяртаючы ўвагі на Рыгора, яна падышла да кіраўніка і штосьці шэптам яму паведаміла. Той згодліва кіўнуў галавою і адвярнуўся да Рыгора.

— Значыць вы згодны на маю пропозьцыю?

— А ўжо-ж, дзякую.

— Тады я данясу ўпраўленьню…

Кіраўнік працягнуў Рыгору руку і хапіўся за пачку папер.

Рыгор выйшаў з габінэту, пільна раздумваючы над пачутаю нечаканасьцю.

Пропозыцыя кіраўніка работ, яго цёплая ўхмылка ў час гутаркі, спачувальная ўвага да Рыгора і дзівіла апошняга і азадачвала. Рыгор зусім не разьлічваў на гэта. Паслуга кіраўніка па сутнасьці была варта таго, каб яе выкарыстаць, але дачаснасьць яе хавала пад сабою ўсё іншае, што было зьвязана з яго плянамі.