— Толькі за думкі?
Жартаўлівы сказ скалануў Рыгорава нутро.
Ён падняўся і працягнуў Лібе руку.
X
КАЛЯ ВАДАКАЧКІ яшчэ раз мігнуўся ў Рыгоравым ваччу белы кавалачак Лібінай касынкі. Рыгор матнуў шапкаю і адвярнуўся да станцыі.
Насільшчык пхаў поўную тачку пасылак. Пяцёра сялян адзінза другім паўзьнімаліся з лаўкі і пайшлі з пэрону. У адчыненымакне аднастайна тарахцеў морзэ.
Чыгуначны жандар, выткнуўшыся з-за рогу станцыённага будынку, сурова паглядзеў на яго і тут-жа зьнік.
На станцыі стала ціха.
«Паеду да кіраўніка работ».
Рашэньне ўзьняло Рыгора з месца і ён лёгка ачуўся каля падводы, на якой прыехаў сам і прывёз Лібу.
— Едзем!
— У двор? — запытаў фурман.
— У канцылярыю кіраўніка работ… Шпарчэй!..
Фурман пагнаў коні. Калдобістая дарога падкідала воз, качаючы Рыгора ў бакі. Але ён не зважаў на трасучку, цалкам аддаўшыся плянаваньню наступнага.
Лібін прыезд вызначыў у ім наяўнасьць акрэсьленай мэты. Так, Рыгор гэта адчуў учарашнім днём, калі знаходзіўся з Лібаю каля рэчкі. Яна нарадзіла ў ім моцную прагу кінуць адзінокае жыцьцё.
Дакуль яго цягнуць, мардуючы чулае сэрца? Зося, Ганна, Наталя… і, нарэшце, Ліба… Ён павінен адзнаць усю глыб перажытага хваляваньня. Яго сьляды ляглі выразнымі адбіткамі ў перачулым нутры. Ліба кранула іх сваёю гарачаю шчырасьцю. За яе вобразам — пустэч, якая сьцірае прамігнуўшыя цені.
Рыгор павярнуўся ў бок станцыі, але яе ня відаць было за местачкавым будынкам. Перад ім вокны канцылярыі кіраўніка работ адсьвечвалі сонечным праменьнем.
«Буду прасіць командыроўкі… адкомандыроўкі-ы?»
— А-а, Рыгор Міхасевіч? Адкуль гэта? — спаткаў яго Проваў, калі коні спыніліся перад ганкам канцылярыі.