Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/375

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пажадаю вам весела правесьці час!

Усьмешка Лібы была адказам Сёмку.

— Шкада мне яго! — праказаў Рыгор, калі яны адышліся на гоні ад дзядзінцу: — Слаўны чалавек і мусіць пакутваць. Яшчэ добра, што ўдалося ўстраміць яго на працу ў атрадзе, а то-б…

— Вы сапраўды накіроўваеце ў мястэчка?

— А вам-бы хацелася?

Ліба адмоўна кіўнула рукою.

— Як лёгка дыхаць! Давайце завернем направа… Што за дзіўны абраз!

Перад імі расьцілаўся шырокі абшар поплаву. Маладая атава пералівалася ў ваччу руцянаю зеленьню. Жаўцеючае збожжа прагна лавіла ўзьнятымі каласамі сонечнае праменьне. Прысады і пералескі, што праразалі ровень палёў, карункавалі іх багатыя ўбёры.

На небе блудзілі рэшткі нядаўных хмар, адыходзячы да чорных граніц небасхілу. Прамытае паветра пахла сьпелаю яр’ю і соладам гвазьдзік.

Непарушнасьць вады ў рэчцы сьведчыла пра надышоўшую ўрачыстасьць другое паловы дня.

Рыгор з Лібаю бязмоўна ішлі між дваровага саду ў бок нявысокіх кустоў пры рэчцы. За імі нёсься нясьціханы стук калёс з захаванага ўзгрудкам гасьцінцу.

— Жывучы ў горадзе нельга сабе ўявіць вось гэтага хараства… Няпраўда мо’, Рыгор?

Пруткая рука яго прыгартала да сябе стройны стан Лібы.

— Праўда.

— Я ўспамінаю Смагін і вечар, калі мы вярталіся з мітынгу… Мне так хацелася, Рыгор, гутарыць з вамі, але вы здаваліся мне… недаступным.

Ён паглядзеў у Лібіны вочы.

Дзяўчынін узрок гарэў маладою прагаю ласкі.

— Сядзем вось на гэтым грудку…

Рыгор разаслаў жукетку.

— Калі ласка!

Лібіна касынка зьехала на шыю і чорны букет валос разбэрсаўся па яе плячох.

— Сядайце тут… Бацькі ня ўбачаць…

— Так, у мяне ўжо некаму глядзець…