Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/374

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут-жа яна павярнулася да дзьвярэй у бакоўку, расчыніла іх і дадала:

— Во-а! Калі вы прагоніце ад сябе — у яе распараджэньні Паўлаў пакоік.

Ліба папрасіла выбачэньня.

— Я вельмі рада вас мець сваім госьцем. Хоць тыдзень жывеце ў нас… Я так Рыгора паважаю, што мне яго знаёмыя…

Стукнулі дзьверы і ў хату ўвайшоў Сёмка. Угледзеўшы Рыгора з Лібаю, ён моўчкі і нерашуча спыніўся каля парога.

— Да мяне? — запытала яго гаспадыня.

— Няхай будзе да ўсіх, — знайшоўся ён. — Я думаў пазычыць у вас… ды жонка сама зойдзе…

— Вось гэта той, хто прывёз мне вестку пра сьмерць мацеры. Мой таварыш Сёмка… Быў у мястэчку?

— Паленаваўся цягнуцца, — адказаў ён і паглядзеў на Рыгора. — Заседзеўся на месцы і нібыта той… Усё яшчэ адпачываю ад дарогі.

— А дарога даўгая!

— Каб хаця ды на гэтым скончылася! А чаго добрага, праз які тыдзень-другі зноў зьбірай манаткі і айда-а… Тады яшчэ новы клопат: замест каня — давядзецца на сябе несьці тое, што ёсьць…

— Ды ці ліха ім! Няўжо-такі немцам ня будзе супынку, — разважала гаспадыня.

Калі ўсе ўчацьвярых пакінулі памяшканьне, на дзядзінцы іх стрэла Волька.

— Пашлі дурнога, а за ім другога, — прывітала яна Сёмку.

— Што ты злуешся — жалезца згубіла?

Волька раптам супакоілася — узрок Лібы разагнаў яе сярдзітасьць.

— Вось пазнайцеся лепш з сястрою, — запрапанаваў Рыгор.

— Волька зрабіла крок наперад і працягнула Лібе каравую руку:

— Твой госьць? — абярнулася яна да Рыгора.

— Як бачыш…

Гаспадыня вярнулася ў хату, а яны ўсе разам прайшлі дзядзінцам да выезду з двара.

— Вы ў мястэчка? — запытаў Сёмка, павяртаючы назад.

— Дзе там! Хаця-б да рэкі, — адказаў Рыгор.