Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Некалі нудзець… было дагэтуль, а далей… Шкада, што Павал выехаў… Я блізка з ім зжыўся, люблю яго, як таварыша і чалавека…

— Вы добра адносіцеся да таварышоў, Рыгор. У кожным вы бачыце чалавека — гэта ваша дадатнасьць… Можа яна так прыцягае і мяне да вас…

Лібін сказ павярнуў да яе спакойна сядзеўшага Рыгора.

— Ня верыце? — усьміхнулася Ліба.

На хмарным небе вызначылася мясьцінка сіняга лазурку.

Украдчывае праменьне правяло яскравымі касьнікамі ўпапярок дарожкі, якою яны ехалі.

І гэтыя сонечныя касьнікі дапаміналі сабою белую скацяртку, засланую на ўрачыстай бяседзе.


IX

МАЛАДАЯ ГАСПАДЫНЯ, у якой Рыгор кватараваў і харчаваўся, адчыняла дзьверы, калі фурман спыніў коні.

— Бач, як добра — ухітрыліся абмяняць Паўла на прыгожую паненку!

— А што-ж, хацелі-б, каб дарма зьезьдзіў на станцыю, блізкі сьвет?

Маладзіца залілася рэзвым здаровым сьмехам.

На іх глядзела чарада дваровых, якія тутака сядзелі на бярвеньнях, занятыя гутаркамі.

Некалькі пузатых, замурзаных малых, з хлебам ды ападкамі яблык у руках, падбеглі да воза. Яны пужліва паглядзелі на Рыгоравы блішчастыя эполеты і гузікі ды сарамліва адварочваліся ад узрокаў Лібы.

— Можна коні распрагаць? — запытаў фурман, калі Рыгор паказаў Лібе на адчыненыя гаспадыняй дзьверы.

— Мне яны больш не патрэбны.

Малыя спрытна пачапляліся на воз, тулячыся ад фурманавай увагі.

— У вас можа хопіць абеду для нас дваіх?

— Ды ўжо-ж… буду шукаць… Ці-ж можна сястру пакінуць галоднаю!

— Вы не маракуйце, што нарабіў вам клопату.

— Дайце рады — падумаеш, клопат! Ня ўразьце, барышні!