Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крыўду на тых, хто адарваў іх ад сямей, ад зямлі і саракагадовых гнаў на забой. Цяжкая амуніцыя давіла на іх пудоваю вагою, зьвязваючы рух. Вільготнае паветра не астуджвала разгарачаных утомаю твараў, па якіх рагамі сьцякаў пот.

Па ўзбоку салдацкае колёны, на некаторым адгоне адзін ад другога, ехалі вярхом на конях здаровыя, сытыя командзіры. Кожны з іх праводзіў суворымі ўзрокамі крайнія рады салдат.

Многія з командзіраў азіраліся на падводу, на якой сядзеў Рыгор з Лібаю.

Белая касынка Лібы, з-пад якое выглядаў чысты, здаровы і прыгожы твар, выклікаў гасьцінныя ўхмылкі.

Калі з завароту вуліцы паказаліся апошнія шэрагі салдат, пярэднія гучна засьпявалі.

Раптоўны сьпеў устрывожыў коняй, якія крута рвануліся і галопам панесьлі Рыгора з Лібаю. Фурман мог іх утрымаць толькі на выезьдзе з мястэчка, куды чуць-чуць даходзілі заглушаныя зыкі салдацкае песьні.

Напалоханая пудам коняй Ліба моцна трымалася за Рыгораву руку.

— Няхай-бы беглі, калі маюць ахвоту, — падаў Рыгор фурману: — дарога адкрыта.

— Што вы, што вы, Рыгор! — пераняла яго Ліба. — Мяне затрасло да болю.

Пабялеўшы Лібін твар сьведчыў за праўду яе слоў.

— Няўжо-такі?

— Можа таму, што ўжо даўно ня езьдзіла на падводзе… Бедныя салдаты! Хутка многія з іх вернуцца калекамі, абрубкамі…

— І вы будзеце вадзіць іх па вуліцах Менску, выклікаючы агульную спагаду.

— Другія-ж… а колькі ня вернецца?

Коні ўзыходзілі на гарбаты мост пад далёкія водгукі музыкі, якая даходзіла з мястэчку.

— На вайну, як на баль…

— Трэба скрашаць будучыя жахі…

Выгляд двара, як стройнае густое купкі лесу, прымацаваў да сябе Лібіну ўвагу.

— Вам тут ня нудна, Рыгор?