Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/370

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я вам таварыш па няшчасьці, — даўшы выказацца Рыгору, адрывіста праказала Ліба.

Яе роўны голас зычэў адбіткам растрывожанага Рыгорам смутку.

— Я вам спагадаю, бо толькі-толькі сама перажыла падобную трагедыю… За тыдзень да выезду з Пецярбургу мне паведамілі страшную рэч… пра нагальную сьмерць бацькі. Стары зьбіраўся ехаць да мяне і, пераходзячы чыгунку, папаў пад цягнік. Няшчаснаму адрэзала абедзьве нагі — не пасьпелі данесьці да больніцы, як ён памёр. Вы не паверыце, што са мною рабілася… Я думала… Сьмерць бацькі перавярнула ва мне нутро… Цэлы тыдзень хадзіла я як сама не свая… Бацька — гэта-ж бацька!

Аднак, нічога не парадзіш — мушу жыць без яго…

— Так… Мусім жыць — падобныя трагедыі ня мінучы…

Пад уплывам гэтых размоў яны крыху пасядзелі моўчкі, бясьцікаўна разглядаючы замокшыя гароды і рэдкія мэндлі нядаўна зжатага жыта.

— Заехаць у мястэчка ці проста ў Ступкі? — запытаў фурман.

— Вы хочаце спыніцца ў мястэчку? — запытаў Рыгор Лібу.

Тая паціснула плячыма і адказала:

— Каб я ведала, што знайду цётку…

— А адрас маеце?

— Зразумела… Чаму-ж бы я ехала тады?..

Яна дастала запісную кніжку і сьпешна пачала чытаць карандашныя нататкі. Фурман спыніў коні.

— Можа паабедалі-б?.. Але і з гэтым уладзім у Ступках, калі вы…

— Добра, едзьце, куды хочаце, — хаваючы кніжку, згадзілася Ліба.

— У Ступкі! — вялеў фурману Рыгор.

Той моцна тузануў лейцамі і крута павярнуў налева.

— Сто-ай!! — пачуўся гучны воклік засаб некалькіх чалавек.

Насустрач ім ішлі салдаты. Фурман зьвярнуў да бліжэйшага двара, каб вызваліць вуліцу.

Напрамкам да двара ўся вуліца, да яе загіну ўправа, была занята шэраю гушчаю салдат. Пастроеныя па шэсьць у шэраг, яны формавалі шырокую густую колёну. Рытмічныя ўдары соцень ног адбівалі моцныя важкія гукі. Смуглыя абветраныя твары, часта барадатыя, маршчыністыя таілі ў сабе пякучую