Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/369

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няўжо?

— А вы думалі?

Рыгор расплаціўся з вазьніцаю і на параконцы вярнуўся з Лібаю ў мястэчка.

Пачынаў цярусіць дробны дожджык. Разьежджаная дарога тапіла калёсы. Усё-ж пара моцных коняй не зважала на вязкасьць і ўподбежкі несла цяжкую ваенную каламажку.

Калі яны абмінулі ўзгорак і пачалі спускацца да мястэчка, Рыгор аднавіў на нейкі час замоўкшую гутарку:

— Я-б прасіў вас, Ліба, пераначаваць; навошта вам ноччу ехаць?

— Гэта відаць будзе прыехаўшы… Тут-жа жыве якаясьці мая цётка…

— Усё-такі жыве?

— А вы думалі я да вас ехала? Я ехала да цёткі…

— Я нічога ня думаў, паверце! Ваш прыезд мяне больш узрадаваў, ніж зьдзівіў. Каб я меў сілу… ці правы… я-б вас, Ліба, не адпусьціў адгэтуль…

Яна пытальна ўталопіла колкі ўзрок у абліты ласкаваю ўхмылкаю Рыгораў твар. Бэзавы пах парфумы заказлытаў у яго носе.

— Вы праўду кажаце? — наводна запытала Ліба.

— Што думаю, тое і кажу…

— А, прызнайцеся: хоць калі думалі, што мы з вамі можам спаткацца пры гэткіх абставінах, як зараз?

— Ніколі… І тое, што гэта здарылася, дзякуючы вам, мяне глыбока кранула. Я адчуваю ў вас блізкага сабе чалавека… За апошні час, Ліба, я многае перажыў. Толькі два месяцы мінула, як мы з вамі разьвіталіся на вакзале, а ў маім жыцьці — шэраг буйных здарэньняў. І цяжэйшае з усіх — сьмерць мацеры… Тыдзень таму якраз, як выпадкова напатканы зямляк, мой лепшы таварыш, прывёз мне гэту вестку. Бедная ехала ў бежанцы, поўная надзеі ўгледзець свайго сына, а тыфус — рраз — і гатова! Таварыш схаваў яе ў дзесяці вёрстах ад Менску, пры дарозе… Вестка гэта балюча раніла маё сэрца — шкада кабеты! Шкада, ведаеце, Ліба, ня толькі як мацеры, а і як чалавека. Яна ў мяне была добрым, адзымлівым, шчырым сябрам. Жыла мною, цярпела з-за мяне, ганарылася, надзеялася… і раптам… Мулкая думка не дае супакоіцца…