Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

запэўнена гавораць уголас, што абучэньне іціме два месяцы, а там?.. Што перад «тым» дваццацігадзінны працоўны дзень у двары?

Шкадуюць двара і тыя, хто адправіў мужа і бацьку на вайну, а сам жыве на адну ордынарыю. З павевамі халадку на сэрцы — глядзяць усе дваровыя на гасьцінец, божкаюць і пацепваюць плячыма! Гэта-ж ім прыдзецца зьбівацца на агульнай падводзе ў шчыльна сплецены ланцуг напалоханых бежанцаў. А ў каго ды ня будзе на чым вывесьці свайго мізэрнага скарбу — хто адчуе тых умольнасьць, паспагадае і прыме да сябе на воз?

Зараз яны ўчапіліся ў двор рукамі і нагамі, прытуліліся разьюшаным нутром ды калоцяцца, каб не адарвацца ад прыгоннае працы, ад вяковых, пераданых бацькамі і самымі перажытых зьдзекаў панскае пагарды, глуму, толькі-б застацца!

Бежанства жахлівей!

Бежанства — гэта доля бадзягі, абрачонага на маркотнае вандраваньне, на бяспрытульны рух у неабмежных прасторах, сьцісла атуленых голадам, хваробаю, сьмерцю.

«Што чутно ў атрадзе?».

Атрад — надзея. Атрад — апора.

Возьме рушыць — знача грунт затрасецца і доньне.

Упраўляючы жартуе.

Яму што за бяда!

Зараз ён пан.

Гаспадар — той у Варшаве.

Немцы захапілі Варшаву — а двор на апецы ўпраўляючага.

Во-а, штотыдзень у Менск і з Менску.

Прыдзе час — сядзе і куды-хоць!

Упраўляючы бесклапотна апавядае пра жыцьцё ў Варшаве пры немцах.

Ён нейкім чынам атрымоўвае лісты!

Дваровыя ненавідзяць упраўляючага і ня вераць яго словам.

Яны бачаць, што вайна паном ня страшна. Іх пан вазіў грошы ў варшаўскія банкі — зараз на іх корміцца. Іх пан не ваюе, ня пойдзе на вайну і ўпраўляючы. Чаму-ж парабком павінна ісьці?

Мо’ Рыгор, мо’ Павал, мо’ Якаў Бросьня — хто-небудзь зжаліцца над сям’ёю, маладымі мужчынамі і ўстрэміць іх у атрад?