Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/359

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Местачкоўцы штодня бываюць на станцыі і штодня бачаць, як праходзяць паўнюткія раненымі санітарныя цягнікі. Нельга ўсяго затуліць ад людзей вайсковымі таямніцамі, цэнзурай ды прыказам. Сапраўднасьць прасочваецца ва ўсе куткі, ва ўсе мясьцінкі краіны — паветрам, лёгкім вятрыскам. Яна ідзе, нясупынна і пагрозна, выбітымі шляхамі і гасьцінцамі, сьцяжынкамі і межамі… З гораду ў мястэчка, з мястэчка ў вёску, па засьценках, у закінутыя хаткі лясоў.

Гэта робіцца на ваччу Рыгора. Ён сьведкаю, як дваровыя пераймаюць яе ў мястэчку і на ўсе лады пераказваюць, абгаварваюць на дзядзінцу ў абед, у сваіх мярлогах-кватэрах — вечарамі; нават умудраюцца раньнім-раньнем — да працы. Гавораць жанкі, гаворыць моладзь. Гавораць і правяраюць у яго.

Рыгор выпісаў газэты: ранішнюю — «Дзень» і вячэрнюю — «Біржоўку».

Атрад трымае цесную сувязь з канцылярыяй кіраўніка работ. Зносіны наладжаны трыма парамі падвод, якія па некалькі разоў у дзень прамяраюць чатырохвёрставы прагон ад двара да мястэчка.

Пошта ў канцылярыі кіраўніка не залежваецца, і сьвежая газэта прыбывае ў Ступкі а дзевятай гадзіне раніцы. Дваровыя чуюць яе пах, і хто вырве вольную часінку, забягае да Рыгоравай гаспадыні і ўкрадкі зазірае ў дробны газэтны шрыфт.

Вечарамі Рыгор перачытвае навіны жадным да іх дваровым. Тыя слухаюць і зьвяраюць са сваімі, што пачулі ў мястэчку, на станцыі, ад бежанцаў.

Газэты многае крадуць — у гэтым упэўнены ня толькі мужчыны, а і кабеты. Газэты позьняць і тое, што ведаюць. Якая каламуціца ў сьвеце!

Вайна на ўвесь сьвет, а нечага хаваюцца!

Вайна на вачох мільёнаў, а нешта скрадаюць! Драпежнікі, забойцы! Гы-ы-ых! Злосьць стыне і туліцца перад небясьпекай.

У дварэ, на службе, парабкамі, семера ратнікаў апалчэньня другога разраду. Усё сямейныя, усе маюць цесныя, смуродлівыя кватэры, усе з дваццацігадзінным працоўным днём — але ўсе шкадуюць гэтых агрызкаў з панскага стала. Яны востра цікавяцца вуснымі навінамі, бо ня вераць газэтам: навошта хаваць — у Смаленску ідзе мобілізацыя. Адзін з іх, нават, бачыў, як партыю мобілізаваных адпраўлялі ў Менск, а можа і на фронт. Го-о!