Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/351

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Насустрач ім, вузкаю прагалінаю дарожкі, што раздвойвала дваровы сад, нясьліся зычныя выгукі дваровых.

Пры ўезьдзе на дзядзінец яны спаткаліся з цэлым абозам фурманак, сярод якіх некалькі было вайсковых. На аднэй з апошніх сядзела двое дарожных тэхнікаў. Павал прывітаўся з імі і паведаміў Рыгору:

— Гэта наша бліжэйшае, так сказаць, непасрэднае начальства. Матай на вус.

— Трэба рыхтавацца да вывучэньня вайсковай субордынацыі.

— Не без таго…

Яны зьлезлі, калі вазьніца спыніўся перад доўгім пабеленым будынкам, у якім мясьціліся кватэры дваровых. Павал заплаціў за падводу і пайшоў у бліжэйшыя дзьверы. Рыгор застаўся на дварэ; ён не пасьпеў прабегчы ўзрокам навакола дзядзінцу, калі яго пазвалі:

— Будзьце ласкавы, заходзьце!

Рыгор панёс свае рэчы насустрач гасьціннаму воклічу маладое кабеты, якая стаяла пры адчыненых дзьвярох, як сваха пры стрэчы маладога.


V

У ДВАРЫ ЖЫЦЬЦЁ пачыналася на золаку. Яшчэ задоўга да ўсходу сонца гулкія крыкі пастухоў зьвінелі ў чыстым паветры над дзядзінцам. Рык кароў і траскатня падвод па каменьнях бруку біліся ў паколатыя шыбы акна, каля падаконьніку якога ляжала Рыгорава галава. Надазойлівыя мухі тысячным роем выгравалі монатонную калыханку. Мулкая пасьцель, ці то новае месца, ад сябе непакоіла Рыгора. Дзякуючы гэтаму ён намнога раней звычайнага прывітаў народжаны дзень.

Празрыстае паветра пад малочным небам туманіла яго вочы ліпкай асалодай дрымоты. Туліла да пасьцелі аднастайная песьня раньняе птушкі. Але раптоўнае засынаньне хутка перабівалася. Рыгор расплюшчываў вочы і глядзеў у акно.

Адпачынак ня меў паўнаты, а гэта зусім ня спрыяла пасьля доўгае дарогі. Рыгоравы надзеі пераскочылі на наступную ноч, а першая мусіла абмежавацца шостаю гадзінаю раніцы.

Раньняя раніца, як ветліва яна глядзела ў яго пакоік! І ўсё-ж мулялася новаю павіннасьцю.