Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/350

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лася на той сьвет, але… штосьці праз сем гадоў ня чутно ў мястэчку жаднае музыкі. Там — ня тут…

Зараз па яе сьлядох тупаў трэці пан, нейкі адстаўны маршалак. Залетась, чуеце, пачаў ён перастройваць двор ва ўзорную гаспадарку: накапаў канаў, напракладаў труб, усыпаў пахань якімісьці загранічнымі парашкамі; сеялак, веялак назвозіў. Пайшло ра-а-сьці, во-а!.. А гэта зноў спад, уніз. Сам зьехаў у Варшаў, пакінуў упраўляючага, і ніякага ладу… Гавяда памізарнела, уражай паменшыў, трубы паламаліся, адным словам… А дзесяцін тысячу гэткае зямлі — люба! Каб гэта нашаму брату па шнурочку, вось такому хоць… — Ён паказаў на адгон між дарогі і тоўстым каменем пры ёй. — Хто-б сьвістаў гэтай пугай… Быў-бы кавалак хлеба, была-б кароўка і падсьвінак, мо’ і адзежына людзкая. Не папраўдзе бог дзеліць; людзям самім давядзецца папраўляць чыннасьць нябеснага дзядулі…

Вазьніца разьліўся зацяжным рогатам.

Яго лахматая галава то апускалася, то падымалася, а сутулая сьпіна важылася ёй у тахт.

— Ня праўда, мо’? — з натугаю вымаўляючы слова, запытаў ён у Рыгора з Паўлам.

— Зусім праўда, але…

—Захацеўшы піць конь, не даяжджаючы да мосту, крута зьвярнуў управа на поплаў. Вазьніца прыўстаў з сядзеньня, уперыўся вачыма да маёнтку і спакойна пусьціў каня да рэчкі.

— Зранку не паіў, небараку, — пашкадаваў ён жывёліну, адпушчаючы пасак.

Рыгор з Паўлам зьлезьлі з возу і прайшлі на мост.

— Вы паглядзеце на гэтыя вось поплавы, што за багацьцё ў іх! — гукнуў вазьніца, заўважыўшы, як Рыгор з Паўлам углядаюцца ў агромністыя прасторы прыбрэжных мурагоў.

Адным сваім канцом яны абдымалі двор, як баярскім паясом, губячыся за яго густым садам, за стрункаю накіраваных да станцыі прысад, другім — беглі за мястэчка.

— Тысячы пудоў найлепшага сена! А нашаму брату — ні каліва. Моліш-просіш — хоць-бы што — жаднае спагады. Гэты двор — скула нашым мяшчанам… Сядайце-э!

Вазьніца паправіў на возе і пагнаў каня.

Высокія густыя ліпы схавалі сабою дваровыя будынкі. За бакавым узгоркам чуліся высьвісты пастуховых дудак.