Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/349

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вам пад загад! — ухмыляючыся абярнуўся кіраўнік работ да Паўла.

— Вазьму з ахвотаю.

Яны ўтраіх выйшлі ў канцылярыю.

Кіраўнік тут-жа аддаў распараджэньне дзелаводу забраць ад Рыгора паперы і правясьці яго залічэньне ў атрад. Той паслухмяна праказаў некалькі разоў засаб «слухаю» і зашастаў многалікімі справамі на стале.

— Можна, калі хочаце, з абеду пачынаць працу. Едзьце ў двор, уладжвайцеся з кватэраю ды ежай і запрагайцеся, — парадзіў кіраўнік і вярнуўся ў свой пакой.

Хвілін праз дзесяць Рыгор з Паўлам паехалі з мястэчка ў двор. Цяпер іх вёз ужо адзін вазьніца, з якім Рыгор ехаў са станцыі.

Выехаўшы з мястэчка, ён па-ранейшаму завёў гутарку пра сапсаваныя дарогі і пра павіннасьць атраду іх паправіць. Але бачачы, што на гэта яму не атрымаць пэўных адказаў, вазьніца перайшоў на іншую тэму. Пахваліўшы гароды і поплавы, што прылягаюць да рэчкі, ён рашыў ня лішнім пазнаёміць ездакоў з гісторыяй двара, у які іх вёз.

— Вось гэты двор, калі хочаце ведаць, дзесяткі разоў пераходзіў з рук у рукі. Мабыць ён некім загавораны, бо хто з ім ня меў справы — кожны, нарэшце, сьпяшыў збыць яго з рук. Ужо за маю памяць уладаром двара перабывала пяць асоб, а раней… Бацька мне расказваў… Цікава…

Вазьніца абярнуўся да ездакоў, заліўшы свой пацёрты жыцьцём твар вясёлым сьмехам:

— Цікава, паслухайце, — тут жыла пані Задніцкая, гадоў сем-восем таму. Гой, што за па-ані! Колькі яна зьвяла грошай і дабра на мужчынах! Штотыдзень, сьвята ў сьвята, ў яе балі — цалюткія ночы. Летам, бывала, расхляпесьціць вокны пакояў, а музыка ў мястэчка, гэтак, гру-у, гру-у-ы-і. Хоць скачы!.. Агні нейкія пускала ў сваім садзе. Цёмная ноч, а на небе, я вам кажу, палае рознастайнае сьвятло, зоры, дарожкі… Назаўтра — разьезды, паверыце, як з кірмашу… І так даезьдзілася, нарэшце, дагулялася. Раніцаю так, памятаю, я ўстаю, а ўжо з мястэчка вязуць у двор ксяндза — адпяваць паню… Ці задушылі, ці сама дайшла… Пасьля хавалі, ой як багата хавалі! З гонарам адправі-