Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/348

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на, адкідаючы патрэбную у падобных выпадках натужнасьць і фалыш. Дый ён ня бачыў нічога страшнага ў тым, калі-б спроба папасьці ў дарожны атрад скончылася няўдачай.

Праз усю дарогу Рыгор ні разу не кранаў гэтага пытаньня, а ехаў спакойным і бесклапотным.

Зусім занядбаў ён пра мэты свайго заезду ў мястэчка. Трывожылі яго нутро і адцягалі яго ўвагу высокія і складаныя пытаньні, цесна зьвязаныя з агульнымі задачамі бягучага моманту. Ад прыватных інтарэсаў нясло буднямі, тым настроем і выглядамі, якія хавала ў сабе канцылярыя кіраўніка работ. З апошнім, мэрам-бы, і ня было чаго гутарыць. Але Рыгор стаяў каля яго, паглядаў яму ў твар і вёў у думках размову пра сябе.

— Так, так… Памыйкавы рэкомэндацыі для мяне досыць… Паспрабуем працаваць… Ну, вам ня цяжка будзе, калі я вас назначу старшым рабочым?

— Вам відней.

— Гэта спачатку, а далей паглядзімо… Усё залежыцьме ад вас саміх. Тое было і з Памыйкам.

— Няхай, дзякую…

— Тут праца ня цяжкая, а між тым дае значныя прывілеі. Вы можаце зусім у кароткі час пасунуцца высока ўгору. Зразумела — патрэбна стараньне і паслухмянасьць. Нічога не парадзіш — ваенная справа і ваенная дысціпліна… Ды што мне казаць вам — вы разумееце самі…

— Ды яно-ж так…

Павал моўчкі стаяў, сьведчачы іх размову. Кіраўніка ён добра ведаў, і яго гутарка з Рыгорам лішні раз дапамінала яму пра характар Яўгена Провава. Болей цікавіў Рыгор. Яго спакойлівасьць і лёгкая нядбайлівасьць да таго, пра што ішла рэч, паказвалі сьмеласьць і рашучасьць гэтага чалавека. Вывучаны год таму назад, калі яны побач стаялі за варштатам, зараз Рыгор адкрываў перад Паўлам забытыя бакі свайго я.

— Значыць сходзімся на тым, што я вас аддаю пад загад дзесятніка Паўла Памыйкі. Згодны?

— Будзем лічыць, што так.

— Вы запішэцеся ў майго дзелавода, а поўнае аформленьне вашага прыёму ў атрад мы з Памыйкам правядзем пасьля.

— Дзякую.