Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/347

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IV

НЕВЯЛІЧКІ ПАКОЙ з двума сталамі, за адным з якіх сядзеў нявыразнага росту і званьня чалавек, за другім — жанчына, — гэта 1 была канцылярыя кіраўніка работ дарожнага атраду.

На Рыгора панясло смуродам тухлага, непрасьвежанага паветра.

Затоптаная падлога і сьляды няпрытульнасьці сьведчылі пра часовасьць установы.

— Пасядзі хвілінку, — папрасіў Павал Рыгора і зайшоў у бакавы пакойчык.

Ён прабыў там зусім нядоўга, бо Рыгор не пасьпеў правясьці вачыма пару поліцэйскіх стражнікаў за акном, як перад ім зноў стаяў Павал — на гэты раз не адзін. Другі, хто выйшаў з ім да Рыгора, быў стройным, сярэдняга росту мужчынам. Яго чорныя густыя вусы дагледжана паднімаліся ражкамі ўгору, паўз роўны, грэчаскі нос. Чорныя зрэнкі воч празрыста глядзелі на чалавека за сталом, які раптам набыў рухавасьць ды ўвішнасьць. Некалькі кінутых сказаў выявілі ў яго голасе цьвёрды барытон, ужо знаёмы застольнай асобе.

— Вось гэта мой таварыш Рыгор Міхасёў Нязвычны! — паказваючы на Рыгора, парэкомэндаваў Павал.

— Вельмі прыемна! Прашу да мяне!

Рыгор пярэднім увайшоў у цесьненькі, крыху дбайней ад канцылярыі дагледжаны пакоік, які, як відаць было па ўсім, належаў да габінэту кіраўніка работ.

— Вы маеце ахвоту астацца ў нас на працу? — працягнуўшы Рыгору руку, запытаў стройны мужчына, у якім нельга было бачыць нікога іншага, апроч кіраўніка работ.

— Калі ласка, знарок прыехаў з Пецярбургу.

— Гм!

Кіраўнік паправіў вусы, крыху памаўчаў, пасьля з лёгкім сьмяшком на чырвоным здаровым твары сказаў:

— Гэта Павал вас заманіў сюды?

— Як-бы вам сказаць… І ў самога было многа жаданьня пабываць тут.

Казённы выгляд кіраўніка работ зусім не адбіваўся на яго мяккім і рэзвым настроі. Гэта дазваляла Рыгору трымацца воль-