Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Едзем!

Адпачыўшы, канякі рысьсю пабеглі з узгрудку проста на шэрыя будынкі мястэчка. Траскатня і падкідасы, з якімі каціліся ломкія вазкі, млосна дапякалі ездакам.

— Па-мойму, дарожны атрад, што стаіць зараз у Ступках, абавязаны дарэмна выправіць гэту дарогу, тут-жа справа чыста вайсковая, — каб згладзіць няпрыемнае пачуцьцё ад язды, — загутарыў Паўлаў вазьніца.

— А зразумела, — рады выпадку яшчэ нейкі час паразважаць ездакоў, падхапіў Рыгораў вазьніца: — для мяшчан тае дарогі хапіла-б на дваццаць год. Я думаю, што мы можам прасіць гэтага па праве… Як вы кажаце? — абярнуўся ён да Рыгора.

— Мой сябра гэта лепш ведае, — адказаў Рыгор.

Вазьніца нібы і чакаў гэткага адказу, ужо даўно ўглядаўшыся ў начальнічую форму Паўла.

— Фомка, — гукнуў ён, калі ўжо пара гумен засланіла ад іх зелень паплавоў.

Паўлаў вазьніца азірнуўся.

— Чаго?

— Ты чуў, што я казаў? Гэта наконт дарогі…

— Ага?

— Запытай там у свайго… Напэўна яму гэта справа вядома.

— Ды кінь, Лукаш! Ці маеш ты лад?

Хутка яны ўехалі на брукаваную вуліцу, якая струною праразала мястэчка ад рэчкі да рынкавага пляцу.

— Нам да канцылярыі кіраўніка работ, — праказаў Павал, абярнуўшыся да Рыгоравага вазьніцы.

— Ведаем… А адтуль, часамі у Ступкі не паедзеце? Бач, атрад стаіць там. Ды напэўна і сам кіраўнік недзе індзе.

— А я вам не магу сказаць…

— Вы-ж, напэўна, таксама за гэтай справай? — надазаляў Рыгору вазьніца.

Рыгор не пасьпеў укантактаваць яго цікавасьць, бо тут-жа перад чыстым ганачкам трохвоканнага дому Паўлаў вазьніца затрымаў каня.

— Вам пасобіць занесьці рэчы?

— Адну хвілінку!

Павал схаваўся ў доме.