Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стэчка выпукляўся якісьці буйны мураваны будынак ні то паравога млыну, ні то бровару, з патухшым, пагнутым комінам.

На процілеглым баку стаялі ў рад тры ветракі з прадзіраўленымі шырокімі скрыдламі. Вузкаю срэбранай стужкаю вывівалася між іх, па зялёнай палосе поплаву, рэчка.

Насупроць узгорку, за мястэчкам, з яго шэрых падгніўшых будынкаў, выбягалі чатыры рады высокіх прысад. Прысады абміналі рэчку, узьбіраліся на невялікае ўзвышша, далей накіроўвалі да цёмнае сьцяны лесу.

Налева ад ветракоў, у густой купіне дрэў, мясьцілася да дзесятку дваровых будынкаў. Адзін з іх, белы з чырвона-пафарбаваным дахам, выгодна вылучаўся на мяккай жаўтаватай руні лісьця.

У адгоне вярсты ад двара пасьвілася вялікае стада гавяды.

З мястэчку ў двор ішлі маладыя каштанавыя ці кляновыя прысады. Гэткія-ж прысады памыкаліся накіроўвацца ў бок станцыі, але, працягнуўшыся каля вярсты, абрываліся. Насустрэч ім выбягала да станцыі пара невялічкіх купак бяроз, якія нясьмела спыняліся на нелапым адгоне ад прысад.

У тым канцы, адкуль Рыгор з Паўлам прыехалі, пільнае вока не знаходзіла нічога, апроч зелянеючых прастораў поля. Яго цемнаватая рунь з адсьветам сталі ў уёмах паміж гарбамі лёгкіх хваляк няпрыметна зьлівалася з лясным маладняком.

Адсюль нясло прасторам, смачным п’яным паветрам, цяплом квітнеючага лета. Рыгоравы ногі ўрасталі ў вызьвеўшую зямлю, а істота драбілася на часткі, зьліваючыся з буяньнем прыроды.

Незьясьнёная лёгкасьць, як пасьля скінутых ланцугоў, што доўгі час зьвязваюць людзкую долю, абдала Рыгораву істоту. Глеба, мяккая, як пух, тапіла ў сабе яго прывыкшыя да камня ногі.

Не хацелася верыць, цяжка было думаць, што вось гэткімі палямі ды паплавамі, па чыстай, пушыстай руні, вёрст на сто да захаду, прарыты крывыя шнуркі акопаў, працягнуты драцяныя загарадзі, і тысячы ног выбіваюць пасевы.

Брала дрыготка, калі мімавольна раздражненае выабражэньне малявала вобразы пажараў, ад якіх гінулі вось гэткія самыя, што перад ім, мястэчкі.

— Едзем?